Паводле яго слоў, якія перадае LRT са спасылкай на ELTA, сёлета літоўскія пагранічнікі ўжо выявілі каля дзесяці тунэляў, праз якія мігранты спрабавалі патрапіць у краіну, у некаторых выпадках «ім удалося гэта зрабіць».
Як сцвярджае кіраўнік САДМ, збудаванні звычайна пачынаюць рыць на тэрыторыі Беларусі, затым праводзяць іх пад дзяржаўнай мяжой і выводзяць як мага далей углыб літоўскай тэрыторыі, каб «ускладніць фіксацыю моманту незаконнага перасячэння мяжы».
Самы доўгі знойдзены ўчастак тунэля на тэрыторыі Літвы склаў каля 25 м, а агульная даўжыня збудавання, паводле ацэнкі літоўскага боку, магла дасягаць 30-40 м. Некаторыя тунэлі пракладваюцца на глыбіні да васьмі метраў і ўмацоўваюцца драўнінай, дадаў ён.
— Гэта складаная работа, якая патрабуе пэўных навыкаў і пэўнай лагістыкі: павінна быць дастаўлена драўніна, з дапамогай якой умацоўваецца тунэль, — растлумачыў Любаеў.
Паводле яго слоў, «гэта яшчэ раз даказвае, што ў такой дзейнасці ўдзельнічаюць не толькі мігранты, але і беларускі бок таксама актыўна да гэтага далучаецца, магчыма, забяспечваючы лагістыку або дазваляючы мігрантам дзейнічаць у прыгранічнай зоне».
— Гэта паказвае, што, хутчэй за ўсё, рэжым суседняй краіны не адмаўляецца ад сваіх намераў захоўваць напружанасць на нашай мяжы, — сказаў на заканчэнне прадстаўнік Вільні.
Польскія пагранічнікі, нагадаў ён, сутыкнуліся з падобнай практыкай яшчэ некалькі гадоў таму.
Па дадзеных літоўскіх служб, з пачатку міграцыйнага крызісу ў 2021 годзе Літва не прапусціла з тэрыторыі Беларусі каля 25,6 тыс. нелегальных мігрантаў.
Позірк/ав