Член асноўнага складу Каардынацыйнага савета (КС) па ўрэгуляванні палітычнага крызісу Ксенія Луцкіна знаходзіцца ў часовым ізалятары, паведамляе прэс-служба КС.
Напярэдадні ў КС паведамілі, што Луцкіна перастала выходзіць на сувязь. Да гэтага яна паспела адправіць экстранае трывожнае паведамленне. Геалакацыя яе тэлефона паказала, што яна знаходзіцца дома, з чаго ў КС зрабілі выснову, што ў яе дома ідзе ператрус. Пасля гэтая інфармацыя пацвердзілася. У Каардынацыйным савеце выказалі здагадку, што прыход сілавікоў можа быць звязаны з серыяй ператрусаў, якія 22 снежня правялі ў супрацоўнікаў «Прэс-клуба Беларусь», паведамляюць naviny.by.
«Учора пасля ператрусу сваякам сказалі, што Ксенію забіраюць на Кальварыйскую, 14. Гэта ДФР (дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю. – БелаПАН.).
Адпаведна, яна затрыманая, хутчэй за ўсё, імі і знаходзіцца ў ІЧУ. Зараз адвакат едзе туды падаць апавяшчэнне аб прыняцці абароны і ордэр», – паведамляе прэс-служба КС.
КС быў створаны ў жніўні па ініцыятыве экс-кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. Па факце стварэння КС і ў дачыненні да шэрагу яго членаў Генпракуратура ўзбудзіла крымінальныя справы па некалькіх артыкулах КК.
ав