Прадпрымальніка Рамана Улана са Смаргоні асудзілі на два з паловай гады «хіміі» за паклёп на 7 супрацоўнікаў міліцыі. Улан віны не прызнаў і будзе абскарджваць рашэнне суда.
Улана звінавацілі ў тым, што ён размясціў у сеціве здымкі ўлётак, якія віселі на платах у Смаргоні і на якіх была інфармацыя аб міліцыянерах, якія паводле тых, хто іх клеіў, ілжэсведчылі ў судах на ўдзельнікаў пратэстных акцый.
У судзе, паводле самога Улана, ён настойваў на тым, што яго віна не даказана, што не праведзена праверка фактаў ілжэсведчання міліцыянераў.
Як прыклад, ён прывёў факты адносна трох з тых, хто складаў пратаколы на пратэстоўцаў, але суд адхіляў іх з-за таго, што яны не адпавядалі сапраўднасці.
«Я даволі актыўна ў інтэрнэце жыву, у смаргонскіх групах, дзе якраз адлюстроўваецца пазіцыя пратэстуючых людзей. Ім гэта не падабаецца і яны спрабуюць гэта задушыць».
Праваабаронцы звяртаюць увагу на тое, што ў судзе не выяўлены тыя, хто вырабіў улёткі і расклеіў іх на платах, а асудзілі крайняга, які змясціў толькі здымкі ў сеціве.
Алесь Завіноўскі