У Мінску пачаўся першы суд па крымінальнай справе за шэсце ў Курапаты, падазраванымі якой сталі 231 чалавек, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Суд Першамайскага раёна Мінска 4 студзеня пачаў разгляд крымінальнай справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса ў дачыненні да 47-гадовага мінскага прадпрымальніка Міхаіла Глухоўскага. Мужчыну абвінавачваюць у перакрыцці дарогі каля Парку Чалюскінцаў 1 лістапада на нядзельным маршы «Дзяды» або шэсці ва ўрочышчы Курапаты.
Тады Следчы камітэт распачаў крымінальную справу па арт. 342 Крымінальнага кодэксу і заявіў, што падазраваным па справе прызнаныя 231 чалавек. Паводле абвінавачвання, у выніку спынення транспартнага руху дзеяннямі Міхаіла Глухоўскага і іншымі пратэстоўцамі «Мінсктрансу» была прычыненая шкода на суму больш за 10 тысяч рублёў.
Міхаіл Глухоўскі прызнаў сваю віну часткова: ён пацвярджае, што браў удзел у мірным маршы, але не прызнае, што прычыніў шкоду на такую суму і што ягоныя дзеянні пацягнулі прыпынак грамадскага транспарту па столькіх маршрутах. Мужчына патлумачыў у судзе, што выйшаў на шэсце 1 лістапада, каб выказаць мірны пратэст.
ав