Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Камітэт абароны журналістаў запатрабаваў неадкладнага вызвалення прадстаўнікоў «Прэс-клубу»

06.01.2021 11:03
22 снежня ў Мінску затрымалі пяць супрацоўнікаў «Прэс-клубу», а таксама незалежную журналістку Ксенію Луцкіну.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: stevepb /pixabay.com/CC0 Public Domain

Беларускія ўлады павінны неадкладна вызваліць усіх, хто быў затрыманы ў сувязі са следчымі дзеяннямі з нагоды меркаванага ўхілення ад выплаты падаткаў «Прэс-клубам Беларусь», паведамляе «Свабода»  са спасылкай на заяву міжнароднай праваабарончай арганізацыі «Камітэт абароны журналістаў».

«Улады Беларусі не павінны выкарыстоўваць падатковае заканадаўства для пераследу і зняволення журналістаў і людзей, якія імкнуцца пашыраць свабоду прэсы ў краіне. Нядаўна арыштаваныя асобы, звязаныя з „Прэс-клубам Беларусь“, павінны быць неадкладна вызваленыя, а абвінавачанні супраць іх знятыя», - сказала Гульназа Саід, каардынатарка праграмы Камітэту абароны журналістаў у Еўропе і Цэнтральнай Азіі.

22 снежня ў Мінску затрымалі пяць супрацоўнікаў «Прэс-клубу», а таксама незалежную журналістку Ксенію Луцкіну. Усе шасцёра былі арыштаваныя ў рамках расследавання меркаванага ўтойвання падаткаў супрацоўнікамі «Прэс-клубу».

На працягу тыдняў, якія папярэднічалі арыштам, «Прэс-клуб» пісаў пра затрыманні журналістаў, якія асвятлялі антыўрадавыя пратэсты, што пачаліся пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 году, гаворыцца ў заяве Камітэту абароны журналістаў.

Супрацоўнікамі «Прэс-клубу», арыштаванымі 22 снежня, з’яўляюцца заснавальніца арганізацыі Юлія Слуцкая, дырэктар Сяргей Альшэўскі, праграмны дырэктар Ала Шарко, аператар Пятро Слуцкі, а таксама Сяргей Якупаў, дырэктар «Акадэміі» — адукацыйнага праекту клубу.

31 снежня Следчы камітэт выставіў абвінавачанні заснавальніцы «Прэс-клубу»  Юліі Слуцкай ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у сувязі з прафесійнай дзейнасцю ў якасці заснавальніка, а астатніх абвінаваціў у саўдзеле ў гэтым злачынстве.

У сваю чаргу Сяргей Якупаў, дырэктар «Акадэміі» - адукацыйнага праекту клубу, які мае расiйскае грамадзянства, 31 снежня быў дэпартаваны з краіны, атрымаўшы 10-гадовую забарону на ўезд у Беларусь.

аз