Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Сваякі арыштаваных па справе «Прэс-клубу» перавялі на рахунак СК каля 110 тыс. рублёў

06.01.2021 14:53
Па словах Аляксандры Слуцкай, то, што следства дазволіла гэта зрабіць, – добры знак.
.
Правасуддзе. Ілюстрацыйны здымакфота: Pixabay.com/succo/CC0 creative commons

Сваякі арыштаваных па справе «Прэс-клубу» перавялі на рахунак СК каля 110 тыс. рублёў.

Як паведаміла БелаПАН дачка заснавальніцы арганізацыі Юліі Слуцкай Аляксандра, «крыху больш за сто дзевяць тысяч рублёў. Такая сума фігуравала ў матэрыялах справы. Важна, што гэта не кампенсацыя шкоды, якую можна трактаваць як прызнанне віны. Гэта называецца па-іншаму – забеспячэнне пакрыцця магчымай шкоды».

Па словах Аляксандры Слуцкай, то, што следства дазволіла гэта зрабіць, – добры знак. Сваякі ўсіх супрацоўнікаў «Прэс-клубу», хто ўтрымліваецца пад вартай, спадзяюцца на змяненне меры стрымання.

«Стан мамы нармальнае, яна трымаецца. У камеры восем чалавек. Шмат паляць. Ёй не хапае свабоды, свежага паветра, прагулак », – распавяла Аляксандра.

22 снежня 2020 года офісе «Прэс-клубу» і дома ў шэрагу яго супрацоўнікаў прайшлі ператрусы і агляды. Пасля гэтага было затрымана шэсць чалавек: заснавальніца «Прэс-клубу» Юлія Слуцкая, праграмны дырэктар Ала Шарко, дырэктар Сяргей Альшэўскі, праграмны дырэктар Акадэміі «Прэс-клубу» Сяргей Якупаў, аператар Пётр Слуцкі, сын Юліі Слуцкай, а таксама Ксенія Луцкіна – былая супрацоўніца Белтэлерадыёкампаніі, звязаная з праектам «альтэрнатыўнага тэлебачання» на YouTube. Слуцкую падазраюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры, Шарко, Альшэўскага, Луцкін, Слуцкага – у саўдзеле.

Паводле інфармацыі адвакатаў, 31 снежня Юліі Слуцкай, Сяргею Альшэўскаму, Пятру Слуцкаму і Ксеніі Луцкінай выстаўленыя абвінавачанні. Сяргея Якупава дэпартавалі ў Расію без прад'яўлення абвінавачвання.