Беларуская Служба

Беларусаў прымушаюць удзельнічаць у гэтак званым Усебеларускім народным сходзе

13.01.2021 17:29
На ролю дэлегатаў вылучаюць незацікаўленых людзей супраць іх волі. 
Ілюстрацыя Фота: sb.by

Народнае антыкрызіснае ўпраўленне пачало атрымліваць першыя сігналы аб тым, што беларусаў прымушаюць удзельнічаць у гэтак званым Усебеларускім народным сходзе, які павінен адбыцца ў Мінску 11-12 лютага.

«На ролю дэлегатаў вылучаюць незацікаўленых людзей супраць іх волі. Гэта робяць начальнікі, якіх раней саміх вылучалі на ролю дэлегатаў зверху. Яны ўсяляк аказваюць ціск на падначаленых, падстаўляючы іх, таму што выдатна разумеюць, якое пакаранне ў будучыні іх чакае», – піша Павел Латушка ў сваім тэлеграм-канале.

Ужо вядома аб двух выпадках прымусу: знакаміты ліхтаршчык з Брэста і дзіцячы хірург з Пінска заявілі, што, самі таго не ведаючы, сталі дэлегатамі.

Павел Латушка адзначае, што гэтыя дадзеныя яны атрымалі дзякуючы таму, што НАУ (https://t.me/nau_belarus) і ініцыятыва «Сумленныя людзі» (https://t.me/honestpeople_by) папярэджваюць аб магчымых санкцыях і крымінальнай адказнасці за ўдзел у сходзе. Ён упэўнены, такіх зваротаў у бліжэйшыя дні стане больш.

«Мы працягнем усяляк даносіць да дэлегатаў, што ўдзел у гэтым мерапрыемстве – незаконны. І нават тыя, хто трапіў у спісы дэлегатаў супраць волі ці пад ціскам, павінны разумець, што, згаджаючыся на ўдзел, яны становяцца падазраванымі ў злачынстве. Усім дзеянням будзе дадзена прававая ацэнка».

Пазбегнуць наступстваў можна: для гэтага трэба адмовіцца ад любога ўдзелу ў сходзе праз бяспечную форму bit.ly/ВНС.

ав