Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

ARTICLE 19: актывістаў у выгнанні працягваюць пераследаваць праз фішынг, узломы і шпіёнскія праграмы

01.10.2026 12:30
Аўтары справаздачы вывучалі грамадзянскую супольнасць у выгнанні ў Літве, Польшчы, Украіне і Грузіі.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:tookapic/pixabay.com/CC0 Public Domain

Міжнародная арганізацыя ARTICLE 19 Europe апублікавала справаздачу «404: Бяспека не знойдзена?»(англь. «404: Safety not found? Digital transnational repression against civil society in exile in Central and Eastern Europe»), прысвечаную лічбавым формам трансгранічных рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці ў выгнанні. Даследаванне ў значнай ступені грунтуецца на досведзе беларускіх і расійскамоўных праваабаронцаў, журналістаў і актывістаў, якія жывуць у Літве, Польшчы, Украіне і Грузіі, паведамляе «Вясна».

Справаздача разглядае тое, як лічбавыя тэхналогіі выкарыстоўваюцца для транснацыянальных рэпрэсій — пераследу, назірання, запалохвання або прымусу людзей за межамі краіны, дзе дзейнічаюць тыя, хто іх пераследуе. Аўтары вывучалі грамадзянскую супольнасць у выгнанні ў Літве, Польшчы, Украіне і Грузіі.

Паводле справаздачы, найбольш распаўсюджаным і эфектыўным спосабам атакі суразмоўцы называлі фішынг. Пры гэтым атакі ўсё часцей перамяшчаюцца з электроннай пошты ў месенджары — Telegram, Signal і WhatsApp. Аўтары таксама звяртаюць увагу на распаўсюджванне тэхнікі ClickFix. Паводле апытаных экспертаў, развіццё інструментаў штучнага інтэлекту робіць такія фішынгавыя паведамленні больш пераканаўчымі.

Яшчэ адзін кірунак — атакі на арганізацыі. Гэта DDoS-атакі, захопы ўліковых запісаў, блакаванне сайтаў і злоўжыванне сістэмамі мадэрацыі сацыяльных сетак.
У студзені 2026 года, паводле даследавання, незалежнае беларускае медыя стала мішэнню складанай DDoS-атакі, якая здолела абысці абарону Cloudflare.

Больш распаўсюджанымі аўтары называюць атакі, для якіх патрэбны часовы фізічны доступ да прылады, напрыклад, калі тэлефоны забіралі падчас перасячэння мяжы, затрыманняў або праверак, пасля чаго на іх маглі ўсталёўваць шпіёнскія праграмы. Сярод згаданых у даследаванні — Monokle і ResidentBat.

Паводле высноў даследчыкаў, апытаныя эксперты найбольш часта звязвалі пагрозы для грамадзянскай супольнасці ў выгнанні з дзяржаўнымі або звязанымі з дзяржавай актарамі. У справаздачы асобна згадваюцца беларускія структуры, у тым ліку групы, звязаныя са спецслужбамі, а таксама расійскія групы APT28, Ghostwriter, UNC1151 і Coldriver. Пры гэтым ARTICLE 19 падкрэслівае, што вызначыць сапраўднага арганізатара кібератакі часта складана.

Для Беларусі асобнай праблемай аўтары называюць выкарыстанне заканадаўства аб «экстрэмізме» і «тэрарызме».

У даследаванні таксама адзначаецца, што лічбавыя атакі могуць спалучацца з дэзінфармацыяй і кампаніямі па дыскрэдытацыі.

Адна з асноўных высноў ARTICLE 19 заключаецца ў тым, што пераезд за мяжу не заўсёды спыняе рэпрэсіі. Яны могуць змяніць форму – ад непасрэднай фізічнай пагрозы да лічбавага назірання, узломаў, атак на арганізацыі, дэзінфармацыі і спробаў атрымаць доступ да сетак кантактаў.

Асобнай праблемай даследчыкі называюць недахоп спецыялістаў па лічбавай бяспецы. Арганізацыі ў выгнанні часта не маюць уласных экспертаў і звяртаюцца па дапамогу ўжо пасля атакі. Гэта абцяжарвае не толькі абарону, але і расследаванне інцыдэнтаў.

ARTICLE 19 заклікае ўрады краін, якія прымаюць людзей у выгнанні, і Еўрасаюз стварыць пастаянны механізм каардынацыі па пытаннях трансгранічных рэпрэсій, забяспечыць расследаванне такіх атак і падтрымку пацярпелых.

Справаздача таксама заклікае донараў разглядаць лічбавую бяспеку як частку абароны грамадзянскай супольнасці і фінансаваць не толькі рэагаванне на ўжо здзейсненыя атакі, але і доўгатэрміновую прафілактыку.

ARTICLE 19 — міжнародная арганізацыя, якая з 1987 года займаецца абаронай свабоды выказвання меркавання і доступу да інфармацыі. Яна праводзіць даследаванні, рыхтуе прававыя і палітычныя рэкамендацыі, выступае супраць цэнзуры і падтрымлівае незалежныя медыя і грамадзянскую супольнасць. Назва арганізацыі паходзіць ад артыкула 19 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, які гарантуе свабоду меркавання і выказвання.

аз