Беларуская Служба

Каля 70 каталіцкіх святароў падпісалі хадайніцтва з просьбай спыніць пераслед шматдзетнай маці

19.04.2021 11:52
Вольга Залатар, мама пяцярых дзяцей, ужо месяц знаходзіцца за кратамі.
Вольга Залатарфота: Еўрарадыё

Каля 70 каталіцкіх святароў паставілі свае подпісы пад хадайніцтвамі ў СК з просьбай спыніць крымінальны пераслед Вольгі Залатар, паведамляе ПЦ "Вясна". Вольга Залатар, мама пяцярых дзяцей, ужо месяц знаходзіцца за кратамі. Яе затрымалі за «актыўную пратэстную дзейнасць», паведамляла па гарачых слядах мінская міліцыя, а таксама за тое, што яна нібыта з'яўлялася адміністратарам дваровага тэлеграм-чата ў Ждановічах. У дачыненні да Залатар распачата справа аб стварэнні экстрэмісцкага фарміравання (артыкул 361-1 КК).

Праваабаронцы паведамляюць таксама, што два каталіцкія святары напісалі за яе паручальніцтвы – у надзеі, што Вольгу выпусцяць з СІЗА. Акрамя таго, сама Вольга тройчы пісьмова прасіла аб сустрэчы са святаром. Але ёй было адмоўлена – адміністрацыя матывавала гэта тым, што Залатар нібыта адмаўляецца супрацоўнічаць са следствам.

«Для Олі вельмі важная частка жыцця – касцёл і сямʼя», – распавядала яе сяброўка Анастасія Даманская. Па адукацыі Вольга Залатар – сацыёлаг, скончыла магістратуру, але са зʼяўленнем дзяцей, вырашыла прысвяціць час сямʼі.

Пасля выбараў Вольга была валанцёрам каля мінскага ізалятара ў завулку Акрэсціна. Яе некалькі разоў затрымлівалі падчас вулічных пратэстаў, каралі штрафамі.

«Першы раз мяне асудзілі за фота дваровага чаявання, на якім мяне нават не відаць. Другі раз мяне затрымалі за тое, што, на думку міліцыі, я таксама ўдзельнічала ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве», – распавядала яна ў інтэрвʼю Еўрарадыё.

Апошні раз – 18 сакавіка – адначасова з Вольгай быў затрыманы і яе муж Сяргей Ганкевіч. Яго асудзілі на 10 сутак за несанкцыянаванае пікетаванне – нібыта ён у абедзенны час вывесіў у акне бел-чырвона-белы сцяг.

Апеку над дзецьмі часова аформіла бабуля.

Праваабаронцы прызналі Вольгу Залатар палітвязнем.

нг