Партыя БНФ паслядоўна трымаецца прынцыпаў законнай і празрыстай палітычнай дзейнасці, прынцыпова адмаўляе і асуджае любыя формы гвалту або экстрэмізму як сродкаў дасягнення палітычных мэтаў, у тым ліку – з боку цяперашняй улады або яе прыхільнікаў. Партыя БНФ дзейнічае выключна законнымі метадамі, і неаднаразова заяўляла аб шырокім грамадска-палітычным дыялогу як адзіна магчымым шляху вырашэння цяперашняга крызісу.
Старшыня Партыі Рыгор Кастусёў з'яўляецца адным з аўтараў і цвёрдых прыхільнікаў такой палітычнай лініі. Адпаведна, мы лічым немагчымым і абсалютна выключаем удзел Рыгора Кастусёва ў любых формах абмеркавання, а тым болей – планавання якіх-кольвек гвалтоўных дзеянняў або замахаў. Старшыня Партыі заўсёды строга трымаецца статуту і сочыць за яго выкананнем, пры гэтым статут Партыі БНФ не прадугледжвае і ня можа прадугледжваць ніякіх іншых, апроч законных, негвалтоўных, празрыстых і талерантных метадаў палітычнай дзейнасці.
Натуральна, на разгляд статутных органаў Партыі БНФ ніколі не выносіліся і не маглі выносіцца прапановы, планы ці любая іншая інфармацыя, якая мела б дачыненне да любых змоваў, перамоваў ці іншых дзеянняў, скіраваных на гвалтоўны захоп улады, ці была б звязаная з агучанымі дзяржаўнымі СМІ 17 красавіка звесткамі пра такую змову.
Мы патрабуем вызвалення Рыгора Кастусёва і перакананыя, што на волі ён здолее абвергнуць усе падазрэнні і і дасць вычарпальныя тлумачэнні адносна любых абвінавачванняў у свой адрас.
Кіраўніцтва Партыі БНФ