Галоўнае следчае ўпраўленне Следчага камітэту паведаміла, што скончыла папярэдняе следства ў справе шасці палітвязняў. Таксама па справе праходзяць Арцём Сакаў і Дзмітрый Папоў, - паведамляе Свабода.
Агулам у справе 6 абвінавачаных, у тым ліку блогер Сяргей Ціханоўскі, былы кіраўнік перадвыбарчага штабу сваёй жонкі Святланы Ціханоўскай, палітык Мікалай Статкевіч, блогер Ігар Лосік.
Арцёму Сакаву, Дзмітрыю Папову разам з Сяргеем Ціханоўскім інкрымінуюць арганізацыю масавых беспарадкаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у 2020 годзе (ч.1 арт.293 Крымінальнага кодэксу); распаўсюджванне групай асоб па папярэдняй змове матэрыялаў, накіраваных на распальванне сацыяльнай розніцы супраць прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў (ч.3 арт.130 КК); пагрозы на адрас Старшыні Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў (ч.2 ст.191 КК);
арганізацыю групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак і звязаныя з прымяненнем гвалту ў дачыненні прадстаўнікоў улады (ч.1 арт.342 КК).
Мікалаю Статкевічу прад’яўлена абвінавачанне ў арганізацыі масавых беспарадкаў (ч.1 арт.293 КК).
Ігара Лосіка і Уладзімера Цыгановіча вінавацяць па артыкулах: распальванне сацыяльнай варажнечы ў дачыненні прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненыя групай асоб (ч.3 арт.130 КК); арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады (ч.1 арт.293 КК).
Крымінальную справу перадалі пракурору для накіравання ў суд. Таксама СК паведаміў, што вядзе далейшае расследаванне і шукае асоб, якія маюць дачыненне да апісаных злачынстваў.
Блогерам Лосіку і Цыгановічу пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі. Астатнім фігурантам справы да 15 гадоў зняволення.
яс