Беларуская Служба

Паслы Вялікабрытаніі і Канады заклікалі беларускія ўлады стварыць бяспечныя ўмовы працы для незалежных СМІ

03.05.2021 19:41
Канада і Вялікабрытанія знаходзяцца ў авангардзе абароны свабоды СМІ.
T
Tурмаpatrick489/pixabay.com/CC0 Public Domain

З заклікам да беларускіх уладаў стварыць бяспечныя ўмовы працы для незалежных СМІ выступілі ў сумесным відэазвароце пасол Вялікабрытаніі ў Беларусі Жаклін Перкінс і пасол Канады ў Польшчы і Беларусі па сумяшчальніцтве Лэслі Люіс Скэнлан. Пра гэта паведамляе агенцтва БелаПАН.

«3 мая адзначаецца Сусветны дзень свабоды прэсы, – нагадала Перкінс. – Свабодная прэса – фундамент дэмакратычнага грамадства, а свабода выказванняў – універсальнае права чалавека. На жаль, у некаторых частках свету свабода СМІ не з’яўляецца аксіёмай». Брытанскі дыпламат адзначыла, што летась «назіралася жорсткае падаўленне незалежных медыя ў Беларусі» ў спробе «заглушыць іх галасы і не даць ім гаварыць пра нязручныя факты».

«Журналістаў затрымліваюць і саджаюць у турмы, штрафуюць і стрымліваюць. Незалежныя медыя выціскаюць з медыярынку з дапамогай дыскрымінацыйных законаў і адміністрацыйных мер, якія абмяжоўваюць іх дзейнасць», – канстатавала Перкінс.

У сваю чаргу Скэнлан заявіла, што беларускія ўлады «сістэматычна перапісваюць законы, каб пазбавіцца ад медыя, што ідуць супраць афіцыйных поглядаў».

Канада і Вялікабрытанія знаходзяцца ў авангардзе абароны свабоды СМІ, менавіта таму ў 2019 годзе яны стварылі Кааліцыю па свабодзе медыя, а ў 2020-м – заснавалі прэмію для тых, хто садзейнічае свабодзе СМІ, – Canada-UK Media Freedom Award, заявіла пасол. Першым лаўрэатам прэміі стала Беларуская асацыяцыя журналістаў.

вс