Беларуская Служба

Літва плануе ўзмацніць ахову мяжы з Беларуссю вайскоўцамі і памежнікамі Еўрасаюза

05.06.2021 12:07
Раней Літва заявіла пра рэзкі рост колькасці людзей, якія нелегальна перасякаюць мяжу з боку Беларусі.
Здымак мае ілюстрацыйны характарgeralt/pixabay.com/CC0 Public Domain

У сувязі з тым, што ў Літву праз мяжу з Беларуссю трапляе ўсё больш нелегальных мігрантаў, разглядаецца магчымасць прыцягнуць да аховы мяжы войска, супрацоўнікаў памежнага камітэту Еўрасаюза і стралкоў, заявіў кіраўнік Службы аховы мяжы Літвы Рустамас Любаевас, паведамляе «Свабода» са спасылкай на Delfi.

Ён сказаў, што з рэзервы памежнікаў ужо «актыўна размяшчаюцца сілы» на тых участках, дзе адбываецца больш за ўсё парушэнняў. Таксама літоўскім памежнікам пачала дапамагаць Служба грамадскай бяспекі, плануюць залучыць стралкоў.

З 1 ліпеня літоўска-беларускую мяжу пачнуць ахоўваць і памежнікі Еўрасаюза.

Таксама літоўцы ўзмоцняць кантроль на мяжы з Польшчай.

Раней Літва заявіла пра рэзкі рост колькасці людзей, якія нелегальна перасякаюць мяжу з боку Беларусі. Беларускіх памежнікаў абвінавацілі ў тым, што яны хаваюць сляды нелегальнай міграцыі. А міністарка ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце сказала, што беларускія службовыя асобы, магчыма, супрацоўнічаюць і ўдзельнічаюць у арганізаваным патоку нелегальных мігрантаў.

Уначы на 5 чэрвеня літоўскія памежнікі затрымалі 20 чалавек, якія нелегальна перайшлі беларускую мяжу. Усяго ў Літве сёлета затрымалі 270 нелегальных мігрантаў з Беларусі, паведаміла памежная служба Літвы.

аз