Беларуская Служба

Павал Севярынец роўна год за кратамі

07.06.2021 15:23
Ён быў затрыманы 7 чэрвеня ў Мінску побач з пікетамі альтэрнатыўных Аляксандру Лукашэнка кандыдатаў у прэзідэнты.
Павел Севярынецфота: Белсат

Cёння роўна год, як патрапіў за краты беларускі апазіцыйны палітык Павел Севярынец. Ён быў затрыманы 7 чэрвеня ў Мінску, пасля ўдзелу ў народным пікеце свабоды і салідарнасці побач з пікетамі альтэрнатыўных Аляксандру Лукашэнка кандыдатаў у прэзідэнты. 

Вольга Севярынец разам з маленькім Францішкам чакаюць дома мужа і тату роўна год. Чакалі 75 содняў арышту на Акрэсціна, чакалі сканчэння справы аб «масавых беспарадках», фігурантам якой зрабілі Паўла. Дачакаліся выраку: 7 гадоў строгай турмы Паўлу. І кароткага спаткання праз шкло. Расказвае Вольга Севярынец.

«Трымаецца ён добра, кажа што настрой у яго бадзёры. Здароўя, праўда турма нікому не дадае, у яго пачаліся праблемы з суставамі, ён іх застудзіў».

У турме Павел Севярынец піша раман пра Беларусь і казку для сына. Упэўнены, што ўсё робіць правільна. Так і ёсць, кажа Вольга:

«Дапамагае вера ў Бога, і тое, што ён абсалютна шчыра любіць гэту краіну і хоча, каб Беларусь стала моцнай, цудоўнай».

Павел Севярынец – адзін з лідараў хрысціянскіх дэмакратаў Беларусі, меў пэўныя канфлікты з носьбітамі ліберальных каштоўнасцяў, многія з якіх аднак, у дзень агучвання яму прысуду напісалі: «Сёння – я Севярынец».

Спецыяльна для Беларускай службы Польскага радыё, Казімір Шчадковіч, Мінск