Беларуская Служба

Рэжым Лукашэнкі абвінавачаны ў арганізацыі патоку нелегальных мігрантаў

28.06.2021 08:45
Улады Літвы заявілі, што маюць доказы датычнасці беларускіх уладаў да злачынства. Афіцыйны Мінск не бачыць росту колькасці нелегальных мігрантаў.  
Здымак мае ілюстрацыйны характарEPA/YURI GRIPAS / POOL Dostawca: PAP/EPA

МУС Літвы заявіў, што ў іх ёсць доказы, што ў арганізацыю патокаў эмігрантаў на літоўска-беларускай мяжы ўцягнутыя беларускія ўлады і памежнікі: «Гэта арганізаваная дзейнасць, пэўная схема —добра арганізаваная, спланаваная. Гэта вялікія грошы, бо перавозка аднаго чалавека каштуе каля 15 тысяч долараў», — распавяла міністр унутраных спраў Літвы Агне Білатайтэ.

Раней прадстаўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Гедрус Мішуціс пацвердзіў, што беларускія памежнікі неахвотна ідуць на кантакт з літоўскімі калегамі: «Пасля кожнага затрымання мігрантаў, без чаго не абыходзіцца і дня, мы інфармуем беларускіх калег і прапаноўваем правесці сумеснае расследаванне, але рэакцыю ў адказ можна ахарактарызаваць як млявую».

Глава Кабінета прадстаўнікоў Святланы Ціханоўскай Валерый Кавалеўскі назваў рост нелегальных мігрантаў на мяжы Беларусі з Літвой помстай з боку Лукашэнкі.

Усяго ў 2021 годзе ў Літву спрабавалі трапіць 555 нелегальных мігрантаў з Беларусі. Гэта ў сем разоў больш, чым у 2020 годзе. 

З беларускага боку начальнік Смаргонскай памежнай групы Максім Бутранец заявіў у эфіры «Беларусь 1», што колькасць нелегальных мігрантаў на беларуска-літоўскім напрамку знаходзіцца на звычайным узроўні.

юл