Беларуская Служба

Amnesty International лічыць перавод Рамана Пратасевіча і Сафію Сапегі пад хатні арышт «цынічным выкрутам» уладаў

28.06.2021 16:37
Пра перавод маладых людзей пад хатні арышт стала вядома 25 чэрвеня ад бацькоў Рамана.
   -
Раман Пратасевіч на прэс-канферэнцыіскрыншот

Следчы камітэт Беларусі пазней абвясціў, што Раман і Сафія заключылі дасудовае пагадненне са следствам, а таму было прынята рашэнне змяніць ім меру стрымання. Гэтую сітуацыю пракаментавала дырэктарка Amnesty International па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Мары Стразерс.

«Знаходзячыся пад хатнім арыштам, Раман Пратасевіч і Сафія Сапега застаюцца незаконна затрыманымі ўрадам Аляксандра Лукашэнкі. Яны былі незаконна арыштаваныя і падвергнуты адвольнаму пераследу за неіснуючыя злачынствы, і правасуддзе не будзе адноўлена, пакуль яны не будуць безумоўна вызваленыя.

Іх хатні арышт падобны на цынічны выкрут беларускіх уладаў з мэтай дамагчыся скасавання міжнародных санкцый, уведзеных пасля затрымання Рамана і Сафіі. На працягу ўсяго апошняга года свет з жахам назіраў, як урад Аляксандра Лукашэнкі з жорсткасцю душыць мірнае іншадумства. Мы паўтараем наш заклік да міжнароднай супольнасці зрабіць усё магчымае, каб пакласці канец крызісу ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.

Мы заклікаем беларускія ўлады неадкладна і безумоўна вызваліць Рамана Пратасевіча і Сафію Сапегу. Яны павінны дазволіць ім пакінуць Беларусь, калі тыя захочуць зрабіць гэта, а калі яны застануцца ў краіне, улады павінны гарантаваць, што яны больш не падвергнуцца рэпрэсіям», – заяўляе Мары Стразерс.

ав/Вясна