Лукашэнка і Пуцін дамовіліся, што цана на газ для Беларусі ў 2022 годзе застанецца на ўзроўні 2021 года.
«Было вырашана, што цана на газ для Беларусі ў 2022 годзе не будзе індэксаваная і захаваецца на ўзроўні 2021 года», – паведаміў журналістам у аўторак прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў, піша ТАСС.
Раней Беларусь неаднаразова заяўляла, што лічыць цану на газ (128.5 долараў за тысячу кубаметраў) несправядлівай – іншыя пакупнікі ў Еўропе плацілі «Газпраму» менш.
Палітыкі таксама дамовіліся аб крэдытнай падтрымцы Беларусі ў сувязі з падатковым манеўрам у Расіі.
Вынікі чацвёртай у гэтым годзе сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі сведчаць аб тым, што Лукашэнка ўжо канчаткова пагадзіўся са стратай часткі незалежнасці Беларусі, – кажа палітолаг Павал Усаў:
- Як мы памятаем з мінулых канфліктаў, менавіта напружанні ў нафтагазавых адносінах паміж Беларуссю і Расіяй пачаліся з таго, што Лукашэнка не пажадаў падпісваць пагадненні, звязаныя з дарожнымі мапамі па паглыбленні інтэграцыі. У сённяшняй сітуацыі ў Лукашэнкі выхаду няма і менавіта дзеля таго, каб утрымацца пры ўладзе хоць на некалькі гадоў, яму прыйдзецца рабіць сур'ёзныя саступкі ў палітычных і эканамічных аспектах у межах саюзнай дзяржавы і на пабудаванне адзінай палітычнай прасторы з Расіяй.
Сустрэча Пуціна і Лукашэнкі доўжылася больш за пяць гадзін. Лідэры дзвюх краін сустрэліся ў Канстанцінаўскім палацы ў Стрэльне пад Пецярбургам.
яс