Беларуская Служба

Галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» затрымалі ў другі раз

18.07.2021 16:46
Сёння, 18 ліпеня, скончыўся 10-сутачны тэрмін затрымання галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Ягора Марціновіча.
Ягор Марціновічфота: «Наша Ніва»

Сёння, 18 ліпеня, скончыўся 10-сутачны тэрмін затрымання галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Ягора Марціновіча, якога забралі па арт. 342 КК. За гэты час яму не было прад’яўлена абвінавачванне, не была абраная мера ўтрымання, ён сядзеў у ізалятары на Акрэсціна як падазраваны.

Сёння яго не адпусцілі, затрымалі ў другі раз, ужо па новым артыкуле Крымінальнага кодэксу, па якім менавіта, следчы гаварыць адмаўляецца. Вядома толькі, што на гэты раз яго затрымалі на трое сутак.

Ягор Марціновіч быў затрыманы 8 ліпеня, пры затрыманні збіты, у СК прыязджала хуткая дапамога, паколькі была траўма галавы. Разам з ім былі затрыманыя галоўны рэдактар «Нашай гісторыі» Андрэй Дынько, кіраўнік аддзела рэкламы і маркетынгу Андрэй Скурко, галоўны бухгалтар Вольга Раковіч (яе 16 ліпеня вызвалілі).

Як паведамлялі ў СК, усе яны праходзяць падазраванымі па ч.1 арт. 342 КК (падрыхтоўка ці арганізацыя дзеянняў, што груба парушылі грамадскі парадак, або ўдзел у іх).

Якое рашэнне прынятае па Андрэю Скурко і Андрэю Дынько, пакуль невядома, хаця па законе следчы абавязаны паведаміць сваякам пра затрыманне і пра тое, дзе знаходзіцца іх родны чалавек (арт. 115 КПК).

Затрыманыя «нашаніўцы» знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна, 15 ліпеня супрацоўнікі ІЧУ прынялі ў родных перадачы, але не перадалі іх затрыманым.

Увесь гэты час вязні сядзяць без зменнай бялізны, дадатковай ежы і пітвы, мінімальных гігіенічных сродкаў, нягледзячы на спёку, якая стаіць гэтымі днямі. Ім не выдаюць матрацы і пасцельную бялізну, спяць яны на падлозе ці голых шконках. Усё гэта з’яўляецца грубым парушэннем закона і ўнутраных правілаў ІЧУ.

Сваякі нашаніўцаў па дадзеным факце звярнуліся на прамую лінію МУС, звароты зарэгістраваныя, па дадзеным факце павінен быць пісьмовы адказ.

яс