З пасады настаяцеля Пакроўскага сабора ў Гродне знялі Георгія Роя, які ў жніўні адкрыта выступіў супраць гвалту
Протаіерэй Георгій Рой у жніўні 2020-га адкрыта выступаў супраць гвалту, піша Zerkalo.io.
Яшчэ да выбараў ён падчас адной з службаў звярнуўся да вернікаў і нагадаў ім, што ў Бібліі напісана: бацькам хлусні ёсць д'ябал, і заклікаў ніколі не далучацца да яе, «дзе б яна ні выяўлялася».
Пасля выбараў Георгій Рой сказаў, што ў саборы што гадзіну ўдзень будзе гучаць вялікі звон у знак закліку да міру і згоды, спынення гвалту, катаванняў, правакацый і ў знак салідарнасці з нявінна арыштаванымі.
Магчыма, яго пераводзяць у храм у вёсцы Квасоўка каля Гродна.
У чэрвені «па стане здароўя» быў вызвалены ад пасады архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій. Ён таксама адкрыта выступаў супраць неапраўданага гвалту з боку сілавікоў.
яс