Пасля зачысткі медыяпрасторы ў Беларусі ўлады ўзмацнілі рэпрэсіі ў дачыненні да няўрадавых і праваабарончых арганізацый. З 14 ліпеня па ўсёй краіне праходзіць чарговая хваля ператрусаў, канфіскацый тэхнікі, затрыманняў актывістаў, праваабаронцаў і журналістаў.
Пад рэпрэсіі ў Беларусі трапілі мінімум 18 арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хельсінскі камітэт, Human Constanta, Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend, Офіс еўрапейскай экспертызы і камунікацыі, платформа «Імёны». 15 ліпеня палітвязнямі былі прызнаныя яшчэ 12 чалавек, з якіх 8 – члены праваабарончага цэнтра «Вясна».
Што будзе далей і хто выйграе ад разгрому грамадзянскай супольнасці ў Беларусі? На гэтае пытанне адказ шукалі ўдзельнікі прэс-канферэнцыі, зладжанай Прэс-цэнтрам Беларусі.
Пасля ператрусаў у праваабарончым цэнтры «Вясна» былі затрыманыя практычна ўсе праваабаронцы, якія ў гэтым часе знаходзіліся ў Беларусі, нагадвае прадстаўнік арганізацыі Наталя Сацункевіч:
-На дадзены момант у арыштах застаюцца пяць членаў праваабарончага цэнтра «Вясна» – Алесь Бяляцкі, Уладзімір Лабковіч, Алена Лапцёнак і Андрэй Палуда – то бок людзі, якія многія гады займаліся праваабарончай дзейнасцю. Нягледзячы на прад'яўленыя ім абвінавачванні, бачна, што іх пераслед з’яўляецца наступствам іх праваабарончай дзейнасці ў Беларусі, у тым ліку працы на працягу апошняга года, то бок пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Дваіх нашых калег – Сяргея Сыса і Віктара Сазонава ўчора адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Тым ня менш, я хачу супакоіць, што ў нас хапае сіл, каб працягваць працу і дапамагаць, як нашым калегам, так і астатнім беларусам. Тым больш, што зараз нашым калегам вельмі патрэбныя вашыя галасы ў падтрымку «Вясны».
14 ліпеня стала вядома, што Міністэрства юстыцыі Беларусі пазбаўляе ліцэнзіі адваката Антона Гашынскага. Гэта, на жаль, не першы такі выпадак у Беларусі. Нагадваем, Антон Гашынскі прадстаўляў, між іншым, расіянку Сафію Сапегу, палітолага Віталя Шклярова, затрыманых незалежных журналістаў, у тым ліку, прадстаўнікоў Беларускага прэс-клуба.
- Я так думаю, што да 22 ліпеня, я яшчэ магу займацца адвакацкай дзейнасцю, а 22 ліпеня адбудзецца паседжанне савета, падчас якога, хутчэй за ўсё, я буду выключаны з Калегіі адвакатаў і тады я страчу гэты статус.
14 ліпеня разам з Антонам Гашынскім ліцэнзіі былі пазбаўленыя, яшчэ, як мінімум, тры адвакаты.
Таксама 14 ліпеня ў офіс Беларускай асацыяцыі журналістаў, якая ўжо 25 гадоў абараняе правы супрацоўнікаў СМІ і свабоду слова ў Беларусі, уварваліся прадстаўнікі сілавых структур, у прыватнасці яны ўзламалі дзверы. З пачатку бягучага года, гэта ўжо другі ператрус у офісе БАЖ, нагадаў намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў:
- Недарэчнасць гэтага ператрусу ў тым, што нам яшчэ не вярнулі нічога пасля першага ператрусу. Болей за тое, месяц таму ў рамках гэтак званага маніторынга Міністэрствам юстыцыі была ўзбуджаная працэдура.У ейных рамках мы перадалі ў Мінюст некалькі тысяч дакументаў. Таму, у прынцыпе ў офісе нічога не было, а супрацоўнікі офіса маглі прыехаць і проста адкрыць дзверы. Фактычна зараз праходзіць хваля пераследу грамадскага сектара ў Беларусі. Паводле мяне – гэта вайна дзяржавы з грамадзянскай супольнасцю. Ад такога пераможцаў не будзе. Па –першае грамадзянскай супольнасцi нельга да канца зачысціць. У сваю чаргу прайграюць усе людзі ў Беларусі, гэта ў выніку абмежавання дзейнасці, або ліквідацыі арганізацыяў, якія гадамі аказвалі дапамогу шматлікім групам беларусаў.
Тое што, цягам апошніх месяцаў адбываецца ў Беларусі не мае нічога агульнага з правам, лічыць юрыст, каардынатар міжнародных праектаў Хельсінскага фонду па правах чалавека Вольга Саламатава:
- Апошняя зачыстка праваабарончага, журналісцкага і адвакацкага асяроддзяў – праходзіць з мэтай замарозіць сітуацыю ў Беларусі і паўплываць на тых, хто адкрыта гаварыў пра сітуацыю ў краіне, пераслед, арышты і працэсы. Усё гэта робіцца такім чынам, каб да канца не было вядома, калі і як чалавек будзе пакараны. Мы бачым масавыя ператрусы і арышты. Пазней адных адпушчаюць іншых не. Зноў прыходзяць … Гэта тактыка, каб людзі пастаянна жылі ў страху. Гэта не новае ў гісторыі, аднак крызіс, які пачаўся ў 2020 годзе і працягваецца зараз – беспрэцэдэнтны. Калі гаварыць пра тое, на каго ўсё гэта паўплывае, то ў даўжэйшай перспектыве парадаксальна таксама на тых, хто зараз прымяняе рэпрэсіі. Таму, што яны павінны быць зацікаўленыя ў тым, каб засталіся праваабаронцы, якія будуць адстойваць таксама іх правы і свабоды, бо правы і свабоды тычацца ўсіх.
Беларускі рэжым праводзіць зачыстку грамадзянскай супольнасці, у тым ліку няўрадавых арганізацыі неабгрунтавана, паколькі яны не былі арганізатарамі мінулагодніх пратэстаў, нагадвае палітолаг, дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў:
- Калі гаварыць пра гістарычную аналогію, то цяперашнія дзеянні ўладаў нагадваюць 1999 -2000 гады й масавую перарэгістрацыю і ліквідацыю шматлікіх няўрадавых арганізацыі, калі ўлады хацелі спыніць фарміраванне грамадзянскай супольнасці ў краіне. Тут бачная аналогія па аб’ёме рэпрэсій, але жорсткасць дзеянняў беспрэцэдэнтная. Беларускі рэжым хоча адпомсціць усім, каго лічыць вінаватым, то бок ён не разумее, што мінулагоднія пратэсты мелі дэцэнтралізаваны і спантанны характар.
Удзельнікі канферэнцыі згодныя, што апошняя хваля рэпрэсій супраць журналістаў, праваабаронцаў і адвакатаў у Беларусі мае палітычны характар. Гэта помста ўладаў тым, каго лічаць вінаватымі ў арганізацыі і падтрымцы мінулагодніх пратэстаў і спроба ліквідацыі любой актыўнасці грамадзян. Шмат сведчыць пра тое, што беларускі рэжым плануе толькі павялічваць рэпрэсіі, каб перадухіліць магчымыя пратэсты ў будучыні. Зараз тое, што трэба рабіць грамадзянскай супольнасці ў Беларусі – гэта фіксаваць правапарушэнні, каб у будучыні даказаць, якая была рэальная сітуацыя ў краіне. Гэта бяруць пад увагу таксама міжнародныя механізмы ў дачыненні да Беларусі. Варта таксама падаваць індывідуальныя скаргі ў міжнародныя інстытуты. Эксперты не сумняюцца, што хваля беспрэцэдэнтнага гвалту з боку ўлады выклікала ў беларускім грамадстве трывалыя змены. Зараз беларусам неабходная таксама міжнародная салідарнасць у розных формах.
Анна Задрожна