Беларуская Служба

На Дзень Волі ў Варшаве пакажуць муштру з косамі

25.03.2026 11:21
Гэта тое, чаго тут не робяць польскія рэканструктары Студзеньскага паўстання.
Аўдыё
  • На Дзень Волі ў Варшаве пакажуць муштру з косамі
Васіль Калач і Кацярына Ваданосавафота: Польскае радыё

З нагоды Дня Волі ў розных месцах Польшчы пройдуць шматлікія імпрэзы, годныя гэтага свята. У Варшаве акрамя шэсця і палітычных прамоваў запланаваны канцэрт і іншыя культурніцкія падзеі.

28 сакавіка 2026 года ў Варшаве адбудзецца маштабная імпрэза, прысвечаная 108-й гадавіне абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Падзея пройдзе з 16:00 да 20:00 і завершыцца на Plac Zamkowy.

Там будуць ладзіцца выступы палітыкаў і грамадскіх дзеячаў, канцэртная праграма,
святочны кірмаш, у тым ліку можна будзе набыць беларускія кнігі.

З Беластока прыедзе культурніцкі дэсант, гаворыць папулярызатарка культуры, музыка, рэканструктарка Кацярына Ваданосава.

— Мы прыедзем рэканструктарскім клубам «Inviktus 1983», які мы заснавалі з Васілём Калачом, і які займаецца аднаўленнем рэаліяў эпохі Кастуся Каліноўскага. Мы прыедзем клубам у якасці ганаровай варты. Мы будзем увесь марш, з самага пачатку да канца. Мы пакажам фехтаванне, пакажам муштру з косамі. Гэта тое, чаго тут не робяць польскія рэканструктары Студзеньскага паўстання. А на Замкавай плошчы можна будзе пачуць выступ майго гурта.

Kaciaryna Vadanosava & Fantasy Orchestra — гурт з даволі нетрадыцыйным складам інструментаў: барабаны, бас, электрагітара, цымбалы ды электраскрыпка. Сама Кацярына Ваданосава з'яўляецца ў ім вакалісткай, аўтаркай песень, а таксама грае на духавых. У сваіх песнях гурт абапіраецца на традыцыі айчыннай народнай культуры, на еўрапейскую музыку эпохі Сярэднявечча, Адраджэння ды Барока, а таксама на здабыткі музычнай культуры «залатога веку».

ав

Больш на гэтую тэму: Агляд падзей культуры