Беларуская Служба

Рада беларускай культуры звяртаецца з просьбай падтрымаць людзей культуры

20.07.2021 15:06
«Мне проста страшна ўявіць гэты дзень, калі мы не зможам адгукнуцца і не падтрымаем чалавека ў бядзе», – піша Сяргей Будкін у Фэйсбуку.
 Olga Yakubouskaya
Карціна Olga Yakubouskaya “Шпацыр па вольным Менску”фота з сацсетак

Старшыня Рады беларускай культуры Сяргей Будкін звяртаецца з просьбай падтрымаць людзей культуры. «Махавік рэпрэсій працягвае раскручвацца штодня. Прыходзяць у тым ліку і да людзей культуры, якія ніколі не былі абыякавымі да таго, што адбываецца ў іх краіне. Штодня пагрозы, ператрусы, допыты, затрыманні, арышты, суды. Шмат хто вымушаны пакінуць родных і блізкіх і з’ехаць з краіны альбо ехаць у невядомасць разам з сям'ёй. Хтосьці ў цяжэйшым фінансавым становішчы фактычна з забаронай на прафесію. Камусьці патрэбная медычная і псіхалагічная дапамога.

Зараз у нас вельмі шмат запытаў на дапамогу. І мне проста страшна ўявіць гэты дзень, калі мы не зможам адгукнуцца і не падтрымаем чалавека ў бядзе», – піша Сяргей Будкін у Фэйсбуку.

Калі нехта мае магчымасць дапамагчы, то ёсць некалькі варыянтаў:

- проста ахвяраваць любую суму па спасылцы https://byculture.org/donate

- паглядзець канцэрт вашага ўлюбёнага выканаўцы, тэатральную пастаноўку, кліп, фільм на Youtube-канале Беларускай Рады культуры і падзякаваць па спасылцы ў апісанні. У чацвер у нас чарговая прэм’ера – пакажам другую і трэцюю частку кінаанталогіі «Менск» рэжысёркі Анастасія Мацкевіч.

- а яшчэ ёсць магчымасць набыць арыгінал карціны Olga Yakubouskaya «Шпацыр па вольным Менску», напісаную пад натхненнем ад песні Lavon Volski «Менск і Мінск» (гэтая прапанова дзейнічае толькі 11 дзён!). Зрабіць стаўку можна тут https://www.charityauctionstoday.com/.../olgayakubovskaya.

Усе сродкі пойдуць на падтрымку людзей культуры, якім патрэбная дапамога.
«Мы абавязкова пераможам, інакш не можа быць», – піша Сяргей Будкін.

ав

Старшыня «Бацькаўшчыны» Алена Макоўская з’ехала з Беларусі

18.07.2021 19:49
«Хочацца спадзявацца, што гэта ўсе ж, хаця і раптоўная, але камандзіроўка».