Сем сутак арышту атрымаў віцебскі краязнаўца і фотарэканструктар Віктар Барысенкаў. Прычынай стала публікацыя фатаграфіі агенцтва РИА «Новости», на якой чырвонаармейцы ў вызваленым Віцебску пазіруюць, разглядаючы сцяг Трэцяга рэйха. Фатаграфія была зроблена Сяргеем Баранавым 26 чэрвеня 1944 году. Паводле слоў Віктара Барысенкава, фота з ваярамі-вызвольнікамі ён змясціў у сацыяльнай сетцы «ВКонтакте», дзе яно было заўважана нейкім супрацоўнікам УУС Віцебскага аблвыканкама.
Суд прызнаў краязнаўцу вінаватым па артыкуле 19.10 КААП. Віктар Барысенкаў у Facebook напісаў, што не мае намер падаваць апеляцыю на гэты вырак суда, бо лічыць яго прадвызначаным.
Раней выставы фотарэканструктара, што візуальна вяртаюць віцяблянам згубленую гістарычную спадчыну горада, неаднаразова праводзіліся ў розных музеях Віцебска.
Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск