25 жніўня 1991 года Вярхоўны Савет БССР надаў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце статус канстытуцыйнага закону, піша euroradio.
Сесія была склікана па патрабаванні дэпутатаў апазыцыі БНФ і працавала 24–25 жніўня. Напярэдадні група дэпутатаў запатрабавала, каб ёй далі прамы тэлефір. Дэпутаты заклікалі жыхароў сталіцы прыходзіць да Дому ўраду. На плошчы сабраліся тысячы людзей.
У выніку Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР быў нададзены статус канстытуцыйнага закону — Беларусь юрыдычна зрабілася незалежнай дзяржавай. "За" прагаласавалі 253 дэпутаты пры неабходных 232 галасах.
Ужо праз некалькі дзён пачаўся працэс прызнання Беларусі краінамі свету. Так, у пачатку верасня Польшча прызнала Беларусь як незалежную дзяржаву. Таксама ў верасні Вярхоўны Савет прыняў рашэнне аб назве краіны (замест БССР — Рэспубліка Беларусь) і наданні бел-чырвона-беламу сцягу і гербу "Пагоня" статусу дзяржаўных сімвалаў.
З нагоды 30-й гадавіны незалежнасці краіны беларусаў павіншавала Святлана Ціханоўская:
-Гэты дзень мусіў быць у Беларусі святочным і радасным, але сустракаем мы юбілей Незалежнасці пад пагрозай яе страты, у атмасферы рэпрэсій. Тысячы патрыётаў нашай краіны расплаціліся ўласным лёсам за мару бачыць яе незалежнай — у сталінскім ГУЛАГу, у Курапатах, на вулічных пратэстах і зараз у турме. Але для ўсіх нас яны — гэта прыклад змагання за лепшую долю свайго народу. Нам варта памятаць усю нашую гісторыю, каб выпадковыя ва ўладзе людзі не мелі магчымасці яе перапісваць.
Напрыканцы звароту яна выказала ўпэўненасць, што Беларусь будзе "вольнай і заможнай, а галоўнае, што яна захавае сваю незалежнасць".
эж