Міністэрства юстыцыі вынесла папярэджанне Беларускай асацыяцыі журналістаў, якое дазволіць ліквідаваць грамадскую арганізацыю. 27 жніўня а 10:00 у Вярхоўным судзе адбудзецца асноўнае пасяджэнне па іску Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі БАЖ — сябра Міжнароднай і Еўрапейскай федэрацый журналістаў.
БАЖ — арганізацыя, якая 25 гадоў абараняла правы калег. На сённяшні дзень Беларуская асацыяцыя журналістаў налічвае больш за 1300 сябраў, якія працуюць у розных перыядычных выданнях, на радыё і тэлебачанні, у выдавецкіх кампаніях.
Гэтую супольнасць уладам ніколі не ўдасца знішчыць, перакананы юрыст БАЖ Алег Агееў.
- Рашэнне суду мала паўплывае на дзейнасць арганізацыі. 1300 сябраў арганізацыі нельга ліквідаваць такім рашэннем. Усё, што тычыцца міжнароднай дзейнасці, маніторынгу, адукацыйнай ды юрыдычнай дапамогі па-за залай суда, - гэта ўсё журналісты сябры арганізацыі будуць атрымліваць як і раней.
З 1998 г. БАЖ стала вядзе маніторынг парушэнняў свабоды выказвання і правоў СМІ. У арганізацыі існуе сетка ўласных карэспандэнтаў па ўсёй Беларусі, якія аператыўна збіраюць і дасылаюць інфармацыю аб стане медыя ў сваім рэгіёне.
юл