Беларуская Служба

«Адказныя за катаванні ў Беларусі не пазбегнуць справядлівасці»

27.08.2021 09:02
Прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Сяргей Зікрацкі пракаментаваў заяву Следчага камітэта, які завяршыў праверку па факце катаванняў у жніўні 2020.
Здымак мае ілюстрацыйны характарScreenshot z Youtube

26 жніўня Следчы камітэт заявіў, што завяршыў праверку па факце катаванняў і здзекаў, якія здзяйсняліся сілавікамі ў жніўні 2020 года. Па выніках следчыя адмовілі ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. Падстава – суразмернасць «абраных супрацоўнікамі праваахоўных органаў сродкаў і спосабаў уздзеяння, якія ўжываліся з намерам прычынення найменшага шкоды згодна з абставінамі».

Вядомы адвакат Сяргей Зікрацкі нагадаў сілавікам, што згодна з артыкулам 128 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь тое, што адбывалася і адбываецца на Акрэсціна са жніўня 2020, - гэта катаванні. Усе датычныя да гэтых катаванняў сілавікі здзейснілі асабліва цяжкае злачынства - злачынства супраць бяспекі чалавецтва.

Паводле беларускіх законаў адказнасць за гэта - пазбаўленне волі на тэрмін ад 7 да 25 гадоў або пажыццёвае пазбаўленне волі, або нават смяротнае пакаранне. Тэрмін даўнасці па асабліва цяжкіх злачынствах, якім ёсць катаванні, - 15 гадоў. Больш за тое, у дачыненні да асоб, якія ўчынілі злачынства, за якое можа быць прызначана пакаранне ў выглядзе пажыццёвага пазбаўлення волі або смяротнага пакарання, пытанне аб ужыванні тэрмінаў даўнасці вырашаецца судом.

Гэта азначае, што нават праз 15 гадоў тэрміны даўнасці па гэтых злачынствах не скончацца. Кожны, хто мае дачыненне да здзяйснення цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, панясе справядлівае пакаранне, нагадаў праўнік.

У сваю чаргу групоўка «Кібер-Партызаны» заявіла, што ўзламала базу дадзеных усіх следчых СК ды паабяцала апублікаваць усе іх асабістыя дадзеныя на парталах blackmap.org і Карнікі Беларусі, каб ніхто з памагатых Лукашэнкі не змог сысці ад адказнасці.

ПР/юл