Алексіевіч, Ахеджакова, Занусі, Макарэвіч, Райкін, Сакураў, Цэслер, Шэндэровіч і іншыя прадстаўнікі сферы культуры падтрымалі адкрыты ліст Паўла Латушкі і НАУ ў ЮНЕСКА
Павел Латушка і каманда НАУ звярнуліся да вядомых ва ўсім свеце дзеячаў культуры з ініцыятывай адкрытага ліста на адрас ЮНЕСКА – пра рэпрэсіі супраць беларускай культуры і глыбокі гуманітарны крызіс у краіне, які арганізаваў дыктатарскі рэжым Лукашэнкі. Пад адкрытым лістом з заклікамі да дзеянняў у падтрымку беларускага народу падпісаліся Святлана Алексіевіч, Лія Ахеджакава, Зоя Белахвосцік, Васіль Воўк, Кшыштаф Занусі, Павел Латушка, Аксана Лыніў, Андрэй Макарэвіч, Дзмітрый Муратаў, Канстанцін Райкін, Аляксандр Сакураў, Людміла Уліцкая, Уладзімір Цэслер і Віктар Шандаровіч.
Народнае антыкрызіснае кіраванне заклікае і іншых дзеячаў культуры падпісаць зварот да Генеральнага дырэктара ЮНЕСКА Одрэ Азулен. Адным з падстаў для адкрытага ліста стала новая хваля рэпрэсій супраць беларусаў: справы аб ліквідацыі Саюза беларускіх пісьменнікаў і Таварыства беларускай мовы ім. Францішка Скарыны, ліквідацыя беларускага ПЭН-цэнтра і іншыя факты рэпрэсій у сферы культуры. У лісце гаворыцца аб 5 дзеяннях, якімі ЮНЕСКА можа дапамагчы беларусам:
1) Заклікаць нелегітымныя ўлады Беларусі спыніць рэпрэсіўныя дзеянні супраць беларускай нацыянальнай культуры, парушэнні культурных правоў і свабод беларусаў, адміністрацыйны і крымінальны пераслед дзеячаў культуры за іншадумства.
2) Патрабаваць ад Вярхоўнага суда і іншых дзяржорганаў Беларусі выканання нормаў міжнароднага права, якія датычацца свабоды аб'яднанняў, свабоды слова і культурных правоў.
3) Накіраваць у Беларусь місію ЮНЕСКА і міжнародных экспертаў для фіксацыі парушэнняў рэжымам Лукашэнкі Статута ЮНЕСКА, асноўных дэкларацый і канвенцый ААН.
4) Часова прыпыніць узаемадзеянне структур ЮНЕСКА з Нацыянальнай камісіяй Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА, якая цалкам кантралюецца дыктатарскім рэжымам.
5) Разгледзець пытанне пра рэпрэсіі ў сферы культуры Беларусі на маючых адбыцца пасяджэннях Выканаўчага савета і Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА з прыняццем адпаведнай Рэзалюцыі ЮНЕСКА па Беларусі.
НАУ/нг