Гарадзенскі музыкант Ігар Банцэр, які адбывае пакаранне ў віцебскай папраўчай установе адкрытага тыпу №9, павінен быў выйсці з ШЫЗА яшчэ 26 жніўня. Аднак палітвязню далі яшчэ 10 сутак. Такім чынам у ШЫЗА Ігар Банцэр правядзе месяц.
Праваабаронца Міхаіл Жамчужны лічыць, што так адміністрацыя папраўчай установы рыхтуе Ігара да турэмнага зняволення па артыкуле 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі»).
Нагадаем, Ігара Банцэра асудзілі за вулічны перформанс, зладжаны ўначы з 4 на 5 верасня 2020 году. Музыка ўчыніў скокі перад міліцэйскай машынай у ружовых шортах, якія затым скінуў, застаўшыся ў стрынгах. Той перформанс расцанілі як хуліганства, прысудзіўшы Банцэру паўтара года «хіміі».
Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск