У касцёле Маці Божай Шкаплернай у Мядзеле на поўначы Беларусі адбылася паніхіда па айцу Бэрнарду Радзіку (Bernard Radzik). Польскі святар, які працаваў у Беларусі, некалькі дзён таму патануў у возеры. Яму было 57 гадоў.
Айцец Бэрнард Радзік працаваў у Беларусі больш за 30 гадоў. Святар служыў у многіх парафіях – у тым ліку ў Дайлідках, Брэсце, Нарачы і нядаўна ў Мядзеле.
Прэс -сакратар Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі айцец Юрый Санько, паведаміў, што святар карыстаўся вялікай пашанай вернікаў:
- Калі мы трацім такіх людзей, мы губляем часцінку свайго сэрца. Ён сапраўды быў святаром Хрыста, які служыў чалавеку з верай і праўдай.
Ксёндз Бэрнард Радзік паходзіў з Малапольшчы. На сайце Каталіцкага Касцёла ў Беларусі паведамляецца, што ён будзе пахаваны 3 верасня на Ракавіцкіх могілках у Кракаве.
IAR/аз