Палітвязень Ігар Лосік напісаў ліст Папу Рымскаму Францішку. Ён просіць "заклікаць спыніцца гэтых страшных людзей, якім ужо ўсё роўна на лёсы іншых, на сотні разбітых горам сем'яў". Пра гэта жонка Лосіка Дар'я распавяла ў каментары "Радыё Свабода".
Ігар піша, што з беззаконнем і несправядлівасцю сутыкнуліся сотні і тысячы беларусаў. Яны не бачаць выйсця з цяперашняй сітуацыі.
"Я не прашу заступіцца за мяне перад кімсьці, але я прашу заступіцца за дабро, за праўду, за справядлівасць, за сотні і тысячы беларусаў, якія страцілі надзею ў такім жа становішчы, як і я, а многія нават горш", — адзначае палітвязень.
У чэрвені прадстаўнік Ватыкана, кіраўнік Залы друку Матэа Бруні ад імя Папы Францішка заявіў, што той "уважліва сочыць за развіццём сітуацыі ў Беларусі, захоўваючы прыхільнасць да дасягнення дэмакратычных і мірных шляхоў рэалізацыі законных патрабаванняў беларускага народу".
Адміністратар ТГ-канала "Беларусь головного мозга" Ігар Лосік быў затрыманы 25 чэрвеня 2020 года. У зняволенні ён тройчы ладзіў галадоўкі.
эж