31 жніўня адвакат Інэса Аленская не змагла сустрэцца ў СІЗА КДБ са сваім падабаронным, 64-гадовым кіраўніком партыі БНФ Рыгорам Кастусёвым, у звязку з тым, што ён захварэў каранавірусам, паведамляе «Белапан».
Паводле інфармацыі выдання, раней у СІЗА палітык атрымаў дзве дозы вакцыны супраць каранавіруса. У лісце родным ад 25 жніўня Рыгор Кастусёў паведаміў, што стан яго здароўя пагаршаецца. У пачатку жніўня ён прайшоў абследаванне на анкалагічнае захворванне, вынікі якога сям'і не паведамілі. Улады толькі паведамілі родным, што Рыгор Кастусёў атрымлівае поўны курс лячэння ў адпаведнасці з рэкамендацыямі лекараў.
Дачка палітыка Кацярына Кастусёва распавяла, што ў лістах яе тата працягвае скардзіцца на прыступы, і на тое, што ад вялікай колькасці лекаў у яго з'явіліся праблемы з ныркамі.
Кіраўніка партыі БНФ Рыгора Кастусёва абвінавачваюць у змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады разам з палітолагам Аляксандрам Фядутам, юрыстам Юрасём Зянковічам. Іх затрымалі ў красавіку. Акрамя іх па справе праходзяць яшчэ некалькі чалавек.
Па версіі КДБ, абвінавачаныя пры падтрымцы амерыканскіх спецслужбаў планавалі дзяржаўны пераварот і забойства Аляксандра Лукашэнкі ды ўсёй яго сям'і.
юл