Беларуская Служба

За жнівень па «пратэсных» крымінальных справах асуджана не менш за 136 чалавек

02.09.2021 08:32
Агулам за месяц рэжым прысудзіў беларусам больш за 120 гадоў калоніі, 85,5 гадоў «хіміі» і 93 гады «хатняй хіміі», 22% асуджаных — жанчыны.
Здымак мае ілюстрацыйны характарImage by 4711018 from Pixabay/CC0

Праваабаронцы прыводзяць дадзеныя жнівеньскага маніторынгу сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. У жніўні асуджана не менш за 136 чалавек па «пратэсных» крымінальных справах, затрымана не менш як 209 чалавек, улады ліквідавалі каля 200 некамерцыйных арганізацый. Пры гэтым З 136 асуджаных — 58 у Брэсцкай вобласці.

Апроч таго праваабаронцы адзначаюць, што па-ранейшаму супрацоўнікі міліцыі ўрываюцца ў дамы і кватэры ў пошуках пратэстнай сімволікі, затрымліваюць на працы, праводзяць ператрусы ды допыты за актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў.

Палітвязні адзначаць наўмыснае пагаршэнне ўмоў іх утрымання, якія мяжуюць з катаваннямі, з'яўляюцца жорсткімі, зневажальнымі і бесчалавечнымі. "Палітычныя" не атрымліваюць ні медыцынскай дапамогі, ні прагулак, ні перадач. Супрацоўнікі ЦІПа працягваюць збіваць затрыманых, не рэагуюць на скаргі, а тых, хто захварэў на COVID-19, часта не лечаць.

Апроч таго за жнівень прызнаныя экстрэмісцкімі больш за 20 тэлеграм-каналаў і груп у сацыяльных сетках сацыяльна-палітычнай тэматыкі. Гэта азначае забарону на цытаванне любых матэрыялаў з названых крыніц пад пагрозай штрафу і адміністрацыйнага арышту. Гэтыя абмежаванні свабоды слова не могуць быць абгрунтаваныя дапушчальнымі, з пункту гледжання міжнародных абавязальніцтваў Беларусі ў галіне правоў чалавека, зазначае Праваабарончы цэнтр «Вясна».

На старонцы цэнтру даступны цалкам жнівеньскі маніторынг сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

юл