Сёння вынесены жорсткі прысуд прысуд палізняволеным Марыі Калеснікавай і Максіму Знаку. Былых удзельнікаў выбарчага штабу Віктара Бабарыкі і членаў прэзідыуму Каардынацыйнай рады судзілі за зачыненымі дзвярыма, нават родныя не прысутнічалі на працэсе. Вердыкт суда: 11 гадоў калоніі Марыі Калеснікавай і 10 гадоў – Максіму Знаку. Гэтае рашэнне прыняў суддзя Сяргей Епіхаў.
Марыю Калеснікаву і Максіма Знака прызналі вінаватымі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: змова з мэтай захопу ўлады; заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы; стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо кіраўніцтва ім.
Агулам працэс заняў 17 пасяджэнняў. Віны ніхто з палітвязняў не прызнаў.
Пасля рашэння суда бацька Марыі спадар Аляксандр Калеснікаў распавёў, што ў яго будзе спатканне з дачкой у СІЗА, ён ужо мае падпісаны дазвол ад суддзі. Гэты працэс і вырак спадар Аляксандр лічыць гістарычным.
«Я мяркую, што сёння наш суд не здаў асноўны экзамен. Падзеі такога кшталту знакавыя. То бок мы атрымалі сігнал, што ўлады нічога мяняць не будуць».
Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі адзначае, што жорсткі прысуд — гэта і своеасаблівая адзнака “якасці” працы, харызматычнасці асобаў. Бо шараговыя асобы атрымліваюць прысуды ў некалькі год зняволення, а на падобны вялікі тэрмін — 14 год калоніі — быў пакараны былы прэтэндэнт у прэзідэнты Віктар Бабарыка.
Адвакаты палітвязняў ужо заявілі пра тое, што будуць абскарджваць прысуды, інфармуе тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі.
Музыка, палітычная дзяячка выбарчай кампаніі 2020 года Марыя Калеснікава была выкрадзеная летась 7 верасня ў Мінску. Яе і яшчэ двух членаў Каардынацыйнай рады – Антона Радненкова і Івана Краўцова – гвалтоўна прывезлі да беларуска-украінскай мяжы, каб выдварыць з краіны. Марыя парвала свой пашпарт на памежным пераходзе, яна засталася ў Беларусі і ад таго часу знаходзіцца ў СІЗА. Радненкоў і Краўцоў тады выехалі з Беларусі. Паспяховы юрыст Максім Знак таксама быў затрыманы ў верасні 2020 года і ад таго часу знаходзіцца ў СІЗА.
МК