Пікет супраць выдзялення Беларусі сродкаў МВФ у Вашынгтоне, архіўнае фота
13 верасня віртуальная місія Міжнароднага валютнага фонду прыступае да вывучэння стану беларускай эканомікі, пведамляе Радыё Свабода.
Паводле агенцтва Reuters, місія звязаная з «занепакоенасцю» ў адрасным выкарыстанні траншу памерам амаль 1 мільярд долараў уладамі Беларусі. Сродкі МВФ агульнай сумай 650 мільярдаў долараў выдзяляюцца краінам свету ў адмысловай прапорцыі на барацьбу з пандэміяй.
Паведамляецца, што місія МВФ мае намер сабраць больш інфармацыі аб эканамічных тэндэнцыях у Беларусі і рэакцыі кіраўніцтва краіны на распаўсюд каранавіруснай інфекцыі. У фондзе не выключаюць, што рэжым Лукашэнкі паспрабуе пераарыентаваць сродкі глабальных крэдытных выплатаў пад свае патрэбы.
Місія пачалася ў рамках адмысловага мандату дзеля назірання і маніторынгу і ставіць перад сабой мэту скласці ясную карціну эканамічнай сітуацыі і рэакцыі на COVID-19, спасылаецца агенцтва на прэс-сакратара МВФ.
Пакуль невядома, як доўга эксперты збіраюцца маніторыць беларускія рэаліі.
Раней шэраг арганізацый і прыватных асобаў выступілі супраць выдзялення Беларусі 923 мільёнаў долараў дзеля барацьбы з наступствамі пандэміі. Выказваўся сумнеў, што грошы пойдуць менавіта на гэтыя мэты, і што Лукашэнка атрымае дадатковы рэсурс, каб падсілкоўваць карную сістэму.
Міжнародны валютны фонд не дыктуе, на што можна выдаткоўваць атрыманыя сродкі, яны аўтаматычна трапляюць у золатавалютныя рэзервы. Акрамя таго, гэта не крэдыт, вяртаць грошы не трэба.
ав/Свабода