Старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына заявіла журналістам, што выбарчае заканадаўства належыць мадэрнізаваць, але гэта зробяць пасля змены Канстытуцыі.
«Выбарчае заканадаўства Беларусі належыць мадэрнізаваць, яно састарэла. Кодэкс прымаўся ў 2000 годзе. Так, гэта сведчыць, наколькі ён быў распрацаваны ўдала, наколькі ёсць якасным, калі дзейнічае больш за 20 гадоў». Да правядзення канстытуцыйнага рэферэндуму яно застанецца нязменным, – цытуе чыноўніцу БелТА.
Паводле Ярмошынай, рэферэндум будзе праводзіцца па дзейных правілах, але ўжо наступныя выбары пройдуць па больш дасканалых нормах, якія ўлічаць усе грамадскія выклікі, якія мелі месца падчас правядзення леташніх прэзідэнцкіх выбараў.
Раней канстытуцыйны рэферэндум улады збіраліся сумясціць з выбарамі ў мясцовыя саветы дэпутатаў у пачатку 2022 году, але цяпер улады не выключаюць, што перанясуць гэтыя выбары на пазнейшы час.
яс