15 верасня ў Вярхоўным Судзе Беларусі адбылося пасяджэнне па справе аб ліквідацыі Грамадскага аб’яднання БНФ «Адраджэньне». Суд вынес пастанову аб часовым прыпыненні разгляду іску аб ліквідацыі арганізацыі, які быў пададзены Міністэрствам юстыцыі яшчэ 27 ліпеня.
Як паведаміў намеснік старшыні Грамадскага аб’яднання БНФ «Адраджэньне» Юрась Меляшкевіч, які прадстаўляў у судзе інтарэсы арганізацыі, падставай для прыпынення разгляду справы сталася пададзеная з боку БНФ «Адраджэньне» скарга на раней вынесенае ёй пісьмовае папярэджанне.
Пачынаючы з ліпеня ў Беларусі адбываецца маштабная кампанія па судовай і пазасудовай ліквідацыі арганізацыяў грамадзянскай супольнасці – пад прымусовае закрыццё на дадзены момант патрапілі прыкладна 250 грамадскіх аб’яднанняў, фондаў, установаў і асацыяцыяў (неафіцыйны спіс). Напрыклад, ужо заўтра, 16 верасня, у Вярхоўным судзе будзе разглядацца справа аб ліквідацыі Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Таварыства Беларускай Школы».
Прэс-служба БНФ "Адраджэньне"/нг