Пракурорскі ўльтыматум. Так можна назваць сённяшнюю заяву намесніка дзяржаўнага пракурора Беларусі Сяргея Хмарука. Пракурорскі чын спачатку адрапартаваў, што ў краіне шмат робіцца, каб зрабіць найменшымі праблемы бізнесу і ствараць нармальныя ўмовы для прадпрымальніцтва, але потым, мабыць, успомніў, колькі бізнесоўцаў зараз сядзіць па палітычна матываваных падставах. І выдаў такое папярэджанне ў адказ, як ён сказаў, на новыя выклікі:
«Любы ўдзел у антыграмадскай дзейнасці прадстаўнікамі бізнесу, фінансаванне такой дзейнасці, а таксама замах на грамадскую і дзяржаўную бяспеку будзе спыняцца самым жорсткім чынам з прымяненнем строгіх мераў адказнасці».
Пры гэтым Сяргей Хмарук не патлумачыў, якія канкрэтна дзеянні бізнесменаў могуць быць расцэнены як замах на бяспеку дзяржавы. Пракурорская практыка цяперашняй Беларусі паказвае, што замахам можа лічыцца ці не любая палітычная дзейнасць бізнесменаў альбо падтрымка імі апанентаў Лукашэнкі. Публічна выказаўшы нязгоду з дзеяннямі рэжыму, любы бізнесмен у Беларусі можа быць рэпрэсаваны.
Спецыяльна для Беларускай службы Польскага радыё, Казімір Шчадковіч, Мінск