Вярхоўны суд 5 кастрычніка разгледзіць іск Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Гавары праўду». Адпаведная абʼяву размешчана на сайце суду.
Грамадскае абʼяднанне, якое стваралася як «рух за мірныя перамены», было зарэгістравана 15 мая 2017 года. Гэтаму папярэднічала кампанія з такім жа назовам, якая стартавала ў 2010 годзе. Яе ўзначаліў паэт Уладзімір Някляеў. У тым жа годзе ён прыняў удзел у прэзідэнцкіх выбарах і, па афіцыйных дадзеных, атрымаў 1,78% галасоў. Быў арыштаваны і абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў. У траўні 2011 года асуджаны на два гады пазбаўлення волі з двухгадовай адтэрміноўкай выканання прысуду.
У траўні 2015 года «Гавары праўду» узначаліў Андрэй Дзмітрыеў. На прэзідэнцкіх выбарах-2015 кампанія ў складзе апазіцыйнай кааліцыі вылучыла Таццяну Караткевіч. Афіцыйна яна атрымала 4,44% галасоў, заняўшы другое месца. Дзмітрыеў балатаваўся на выбарах-2020 (1,21% галасоў). Цяперашнія сустаршыні абʼяднання «Гавары праўду» Дзмітрыеў і Караткевіч пакуль не пракаментавалі іску Мінюста.
naviny.online/нг