Беларуская Служба

Павел Севярынец патэлефанаваў жонцы і маці

24.09.2021 07:11
 Нядаўна Севярынца перавялі ў калонію ў Шклоў, у тую самую, дзе загінуў Вітольд Ашурак.
Аўдыё
  • Павел Севярынец патэлефанаваў па вайберы жонцы і маці
Павел Севярынецфота: Белсат

Родныя палітвязня Паўла Севярынца паведамляюць, што ён здолеў ім патэлефанаваць. Нядаўна Севярынца перавялі ў калонію ў Шклоў, у тую самую, дзе загінуў Вітольд Ашурак.

Не проста патэлефанаваў, але нават зрабіў званок па відэасувязі праз праграму Viber. Пра гэта піша ў сваім Фэйсбуку жонка палітвязня Паўла Севярынца Вольга. Кажа што гэта дзівоснае адчуванне – бачыць і чуць мужа. Такое тэлефанаванне адбылося першы раз з моманту затрымання палітыка 7 чэрвеня 2020 года. Вольга кажа, што расхвалявалася да дрыжыкаў, і тут жа жартуе: Павел, маўляў, нават лысым і ў зэкаўскай робе будзе выглядаць стылёва.

Маці палітыка Таццяна Севярынец таксама паведамляе, што сын патэлефанаваў, але яна так разгубілася, што відэа не ўключыла. Кажа, Павел запытаўся пра стан здароўя, падбадзёрыў.

Тэлефанаванне палітвязень зрабіў пасля пераводу ў сумнавядомую шклоўскую калонію, дзе загінуў Вітольд Ашурак. Спачатку такое перасяленне выклікала занепакоенасць экспертаў. Яна не праходзіць і пасля навінаў пра тэлефанаванне. Бо невядома, што гэта можа значыць.

Спецыяльна для Беларускай службы Польскага радыё, Казімір Шчадковіч, Мінск