Вадзіма Ермашука заключылі пад варту 24 верасня, паведамілі яго блізкія. Гэта адбылося за дзень да заканчэння тэрміну яго адміністрацыйнага арышту, нагадвае hrodna.life
Вадзім Ермашук праходзіць падазраваным па двух справах па арт. 368 КК «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» і арт. 370 КК «Здзек над дзяржаўнымі сімваламі». Па арт. 368 КК яму пагражае да чатырох гадоў пазбаўлення волі, паводле арт.370 КК – да трох гадоў.
Блогер правядзе 40 дзён у ізалятары: спачатку яго асудзілі на 25 сутак адміністрацыйнага арышту па арт. 24.23 КаАП «Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў», пазней – на 15 сутак па арт. 19.1 КаАП «Дробнае хуліганства». Пакуль блогер знаходзіцца ў Шчучынскім ізалятары.
Vadimati затрымалі 16 жніўня, на наступны дзень дома правялі агляд, а 18 жніўня пачалі судзіць. Тады з Гродна яго прыехалі падтрымаць некалькі дзясяткаў чалавек.
19 жніўня яго асудзілі на 25 сутак адміністрацыйнага арышту ў Шчучынскім раённым судзе. Новы суд над блогерам пачаўся 8 верасня. 9 верасня яго асудзілі яшчэ на 15 сутак. Прычынай новага пратаколу нібыта стаў ягоны званок у службу «115» 13 жніўня і нецэнзурныя выказванні з нагоды ЖКГ і гарвыканкама.
16 верасня стала вядома, што Вадзім Ермашук праходзіць падазраваным па двух справах па арт.368 КК «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» і арт. 370 КК «Здзек над дзяржаўнымі сімваламі».
Вадзім Ермашук – Instagram-блогер і прадавец на рынку «Карона». Актыўна займаецца рэкламай мясцовага бізнесу. 27 кастрычніка 2020 года яго асудзілі на штраф у 20 базавых велічынь (тады – 540 рублёў) у судзе Кастрычніцкага раёна за марш гродзенцаў 30 жніўня. Вадзім выказваўся супраць гвалту, падтрымліваў палітвязняў і наведваў суды па «палітычных» працэсах. Называе сябе «народным дэпутатам» і здымае ў гэтым вобразе відэа.
аз