Беларуская Служба

Аляксандр Лукашэнка назваў сітуацыю з мігрантамі на мяжы гуманітарнай катастрофай

27.09.2021 13:24
Ён прыняў кіраўніцтва сілавога блока з дакладам аб становішчы на Дзяржаўнай мяжы Беларусі.
  .
Нарада ў А. Лукашэнкіфота: president.gov.by

27 верасня Аляксандр Лукашэнка прыняў кіраўніцтва сілавога блока з дакладам аб становішчы на Дзяржаўнай мяжы Беларусі. Ён лічыць, што «калектыўны Захад» разгарнуў супраць Беларусі гібрыдную вайну.

 – Сітуацыя ў сумежных дзяржавах для нас неспрыяльная. Больш за тое, кіраўніцтва гэтых краін узяло курс на канфрантацыю з Беларуссю, – заявіў Лукашэнка. Ён адзначыў, што сітуацыю на мяжы трэба разглядаць не толькі ў сувязі з мігрантамі. – У нас вельмі сур'ёзныя іншыя, больш важныя праблемы. Праблемы, звязаныя з абаронай.

У прыклад Лукашэнка прывёў Польшчу, дзе, паводле яго слоў, разгортваюць цэлыя ваенныя корпусы ля межаў Беларусі. Ён таксама казаў пра Украіну, на мяжы з якой адкрываецца ваенны фронт – маўляў, туды, ва Украіну, цягнуць натаўскія войскі, ствараюцца фактычна базы ЗША.

- Ясна, што нам трэба на гэта рэагаваць, – падкрэсліў Лукашэнка. Паводле яго слоў, дадзеная тэматыка неаднаразова абмяркоўвалася на сустрэчах з Уладзімірам Пуціным.

Што тычыцца сітуацыі з мігрантамі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што абвінавачванні ў адрас Беларусі ў арганізацыі міграцыйнага крызісу гучаць для таго, каб «увесці ў зман і ўсю сусветную супольнасць». А стаіць за ўсім гэтым «міжнародная банда, якая адтуль людзей перавозіць не толькі праз Беларусь», але і праз Міжземнае мора. Сітуацыю з мігрантамі на мяжы Беларусі з Еўрасаюзам ён назваў гуманітарнай катастрофай.

- Давайце падумаем, як далей будзем працаваць. Гэта ж не справа, што людзі пакутуюць. Ну да, апранулі, накармілі іх, дровы адвезлі ім туды, палаткі нейкія перадалі. Але ўзімку яны ж замерзнуць. Гэта ж людзі, якія прыйшлі за тысячы кіламетраў з поўдня. Карацей, гуманітарная катастрофа на мяжы. Увялі надзвычайнае становішча суседзі і нікога туды не пускаюць. Каб ніхто не ведаў, як там паміраюць людзі, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён загадаў старшыні Дзяржпагранкамітэта і далей дапамагаць уцекачам і вызначыцца, як дзейнічаць у будучыні.

news.zerkalo.io/нг

 

https://news.zerkalo.io/economics/3484.html?c