Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Moody's Investors Service пацвердзіла доўгатэрміновыя рэйтынгі эмітэнта Беларусі ў замежнай і нацыянальнай валюце і прыярытэтныя незабяспечаныя рэйтынгі ў замежнай валюце на ўзроўні B3, але змяніла прагноз па рэйтынгу са «стабільнага» на «негатыўны», гаворыцца ў прэс-рэлізе агенцтва.
Moodyʼs не зʼяўляецца афіцыйным рэйтынгавым агенцтвам Беларусі і прысвойвае рэйтынгі па ўласнай ініцыятыве. «Ключавымі фактарамі змены прагнозу на »негатыўны« зʼяўляюцца павышаныя рызыкі рэфінансавання доўгу з улікам узмацнення жорсткасці эканамічных і фінансавых санкцый, якія абмяжоўваюць магчымасці фінансавання, а таксама абмежаваныя рэзервы Беларусі, што зніжае здольнасць супрацьстаяць далейшым страсенням ва ўмовах падвышанай палітычнай нестабільнасці», – гаворыцца ў прэс-рэлізе.
У той жа час пацверджанне рэйтынгаў на ўзроўні «B3» адлюстроўвае меркаванне Moodyʼs, што на працягу наступных 12-18 месяцаў рэфінансаванне вонкавага доўгу будзе падтрымлівацца назапашанымі краінай рэзервамі і фінансавай падтрымкай з боку Расеі.
На бюджэт Беларусі ў бліжэйшыя гады акажа ціск патэнцыйная неабходнасць аказання фінансавай падтрымкі буйным дзяржпрадпрыемствам, на якія распаўсюджваюцца санкцыі. У сувязі з гэтым Moodyʼs прагназуе дэфіцыт бюджэту Беларусі на ўзроўні 2,6% ВУП у 2022 годзе. Пры гэтым дэфіцыт можа стаць значна большым, калі матэрыялізуюцца рызыкі пагаршэння сітуацыі, звязаныя з узмацненнем жорсткасці санкцый, мяркуюць эксперты агенцтва. Яны таксама канстатуюць, што доступ Беларусі да заходніх фінансавых рынках фактычна зачынены пасля ўвядзення фінансавых санкцый з боку ЕС і Вялікабрытаніі. У той жа час жорсткія эканамічныя і фінансавыя санкцыі павялічаць залежнасць Беларусі ад Расеі, якая зʼяўляецца асноўнай крыніцай фінансавання рэспублікі.
interfax.by/нг