Беларусь збіраецца прыпыніць дзейнасць пагаднення з Еўрасаюзам аб рэадмісіі асоб, якія нелегальна перайшлі дзяржаўную мяжу. Гэта адна з 20 змен, якія плануюць унесці ў заканадаўства дэпутаты Нацыянальнага сходу.
Прыпыненне пагаднення з Еўрасаюзам аб рэадмісіі асоб, што знаходзяцца без дазволу будзе разгледжана дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі. Улічваючы сітуацыю з нелегаламі на межах краіны, гэта выглядае як свядомае абвастрэнне адносінаў з Аб’яднанай Еўропай.
Падрыхтавалі дэпутаты сюрпрызы і сваім грамадзянам: будуць разгледжаны змены ў Канстытуцыю аб стварэнні адзінага дня выбараў дэпутатаў усіх узроўняў. Гэта дазволіць рэжыму перанесці выбары ў мясцовыя саветы на 2023, сумясціўшы з выбарамі ў парламент.
І яшчэ адна змена, што прыцягвае ўвагу: папраўкі ў крымінальны кодэкс. У новай рэдакцыі будзе выкладзены артыкул 361, цяпер за заклікі да санкцыяў будзе пагражаць пазбаўленне волі і наогул пакаранне за такія дзеянні стане больш жорсткім.
Спецыяльна для Беларускай службы Польскага радыё, Казімір Шчадковіч, Мінск