Пра гэта паведамляе Deutsche Welle, адзначаючы, што паўтарагадзінную дыскусію еўрадэпутатаў адкрыла камісар унутраных спраў Ільва Югансан.
«Рэжым Лукашэнкі працягвае сістэматычныя спробы заглушыць усе незалежныя галасы, якія яшчэ захаваліся ў краіне – незалежную прэсу, праваабаронцаў і грамадзянскую супольнасць», – сказала еўракамісар, нагадваючы, што ў Беларусі налічваецца ўжо больш за 700 палітзняволеных і іх колькасць увесь час расце.
Літоўскі еўрадэпутат Андрус Кубілюс прапанаваў «неадкладна вынесці злачынствы Лукашэнкі на разгляд Міжнароднага крымінальнага суду на падставе Чыкагаўскай канвенцыі, Манрэальскай канвенцыі і Канвенцыі супраць катаванняў».
Гэтую ідэю падтрымаў шэраг еўрадэпутатаў. У прыватнасці, сацыял-дэмакратка з Партугаліі Ізабэль Сантуш адзначыла, што санкцыі накіраваныя толькі на змену палітычных паводзінаў, а вось за «здзейсненыя злачынствы» Аляксандр Лукашэнка, на яе думку, павінен адказваць перад Міжнародным крымінальным судом (МКС).
«Неабходны сур’ёзныя дэбаты ў Радзе Бяспекі ААН і, нарэшце, неабходна расследаванне Міжнароднага крымінальнага суду», – падтрымаў калег польскі еўрадэпутат Вітальд Вашчыкоўскі.
Еўрапарламент рыхтуе рэзалюцыю аб сітуацыі ў Беларусі і міграцыйным крызісе на мяжы Беларусі з Еўразвязам.
яс