Беларуская Служба

МУС здзекуецца над затрыманымі і прымушае выбачацца на камеру

06.10.2021 16:15
Байцы ГУБАЗіКу прымушаюць людзей запісваць «пакаянныя відэа».
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneshutterstock/Fanni_2021

МУС і прапагандысцкія тэлеграм-каналы сёння актыўна распаўсюджваць інфармацыю аб затрыманнях іншадумцаў па ўсёй краіне. Затрыманні праводзяць байцы ГУБАЗіКу, яны прымушаюць людзей запісваць «пакаянныя відэа».

Прэс-служба МУС паведамляе пра затрыманне 30-гадовай жыхаркі Мінска, кансультантцы ў сферы інфармацыйных тэхналогіяў амерыканскай кампаніі. Сілавікі вінавацяць яе ва ўдзеле ў пратэставых акцыяў, а таксама ў тым, што яна была падпісчыкам і актыўным каментатарам шэрагу пратэставых телеграм-чатаў. Яна прызнаная падазраванай па крымінальнай справе.

УУС Гомельскага аблвыканкаму паведамляе пра затрыманне 21-гадовага жыхара Жлобіна за ўдзел у пратэстах 2020 году і карыстанне пратэставымі тэлеграм-каналамі. Супраць яго распачатыя крымінальная справы паводле арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак») і арт. 364 («Гвалт або пагроза гвалту ў дачыненні працаўніка органаў унутраных справаў») КК.

У Мінску затрыманая сакратарка прыёмнай галоўнага лекара 10-й дзіцячай клінічнай лякарні. Яе прымусілі прызнацца, што яна прайшла рэгістрацыю на платформе плану «Перамога». У гэтым прызнаецца на відэа ГУБАЗіКу яшчэ адзін затрыманы – 35-гадовы жыхар Мінска, які працуе на будоўлі. Таксама затрыманы 18-гадовы мінчук, які кажа, што летась стаяў у счэпцы каля цырку.

Грузчык Лідскага малочна-кансервнага камбінату затрыманы за каментар пад навіной аб страляніне на вуліцы Якубоўскага, у якім расцаніў дзеянні Андрэя Зэльцара як самаабарону.

У Магілёве затрыманы айцішнік за ўдзел у пратэстах у жніўні 2020 года. Таксама ў Магілёве затрыманы кухар, якога вінавацяць у распаўсюдзе інфармацыі пратэставых тэлеграм-каналаў, прызнаных «экстрэмісцкімі».

Усіх затрыманых прымушаюцца казаць на камеру, што яны «раскайваюцца».
Часам сілавікі дэманстратыўна здзекуюцца над затрыманымі. Напрыклад, магілёўскаму айцішніку на лоб наляпілі БЧБ-стыкер, вакол шыі абматалі БЧБ-сцяг, у рукі далі «Пагоню» і кніжку Віктара Марціновіча «Рэвалюцыя». У такім выглядзе яго прымусілі выбачацца на камеру.

Паводле праваабаронцаў, з лета 2020 года адбываюцца самыя масавыя ў найноўшай гісторыі Беларусі рэпрэсіі. Цягам года ўва ўсёй краіне былі распачатыя больш за 5000 крымінальных справаў, звязаных з пратэстамі. На дзень 6 кастрычніка 728 асобаў прызнаныя палітычнымі вязнямі.
З лета 2020 года тысячы пратэстоўцаў па ўсёй краіне сталіся ахвярамі мэтанакіраваных катаванняў, каля 35 000 чалавек былі затрыманыя ў адміністратыўным парадку. Згодна з рознымі ацэнкамі, ад 4 да 15 асобаў загінулі ў выніку дзеянняў сілавікоў. Пры гэтым ні за катаванні, ні за забойствы да адказнасці нікога не прыцягнулі.

яс