За надпіс «Жыве Беларусь» на прыпынку ў вёсцы ў Клецкім раёне мужчыну асудзілі да трох месяцаў арышту
Суд Клецкага раёна асудзіў 45-гадовага Сяргея Цімохая да трох месяцаў арышту за надпіс «Жыве Беларусь» на прыпынку вёскі «Ляцешын» па артыкуле 341 Крымінальнага кодэкса (апаганьванне збудаванняў).
Паводле абвінавачання, мужчына знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення, 8 чэрвеня гэтага года пакінуў надпіс «Жыве Беларусь» фарбай чорнага колеру. Велічыня літар склала каля 30 сантыметраў. Нанесеную шкоду ацанілі ў 147 рублёў 79 капеек. Надпіс на прыпынку зафарбавалі на наступны дзень 9 чэрвеня.
Сам абвінавачаны растлумачыў, што незадоўга да падзей, якія паслужылі падставай для судовага разбору, выпіў паўлітра гарэлкі, такім чынам прышчапляўся ад каранавірусу. Сваю віну абвінавачаны прызнаў у поўным аб'ёме.
У выніку, суддзя Віктар Цімошка пастанавіў арыштаваць мужчыну на тры месяцы. Менавіта такое пакаранне запрашваў пракурор Клецкага раёна Вадзім Жукоўскі.
юл