Беларуская Служба

Улады Беларусі ўносяць змены ў Падатковы кодэкс

09.10.2021 08:15
Прадпрымальнікам адмяняюць ільготы, абкладуць падаткам тавары з Ozon, Wildberries i Aliexpress.
Ілюстрацыйны здымакImage by Bruno /Germany from Pixabay/CC0

На сайце Мінфіна Беларусі апублікаваны дакумент «Інфармацыя аб асноўных зменах, якія ўносяцца ў Падатковы кодэкс». У праекце гаворыцца пра «увядзенне абавязку па вылічэнні і выплаце ПДВ замежнымі арганізацыямі і замежнымі ІП пры электронным дыстанцыйным продажы тавараў». Нагадаем, памер ПДВ у Беларусі — 20%.

Такая мера накіравана на «выраўноўванне ўмоў падаткаабкладання ПДВ тавараў, што рэалізуюцца на тэрыторыі Беларусі».

Цяпер беларускія крамы выплачваюць ПДВ пры рэалізацыі тавараў, а замежныя прадаўцы пры электронным продажы тавараў не з'яўляюцца плацельшчыкамі ПДВ.

Дадзеная норма ўступіць у сілу з 1 ліпеня 2022 года.

Апроч таго Мінфін плануе скасаваць ільготы ў падаткаабкладанні для індывідуальных прадпрымальнікаў.

З 1 студзеня 2023 году плануюць скасаваць для ІП адзіны падатак і забараніць для іх ужыванне спрошчанай сістэмы падаткаабкладання.

Як прагназуецца, ІП будуць выплачваць падаткі агульным парадкам: уносіць падаходны падатак па стаўцы збору на прыбытак і з выплатай ПДВ, калі выручка перавысіць устаноўленую мяжу.

юл