11 кастрычніка ў нямецкім Нюрнбэргу адбываецца прававая канферэнцыя «Злачынствы супраць чалавецтва і прызнанне Лукашэнкі тэрарыстам».
Сярод удзельнікаў: старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, апазіцыйныя палітыкі Святлана Ціханоўская, Павал Латушка, адвакат Сяргей Зікрацкі, экс-дэпутат Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь Сяргей Навумчык, член Еўрапарламэнта Пэтрас Астравічус, спецыяліст міжнароднага крымінальнага права Томаш Віліньскі і іншыя.
Удзел прынялі і ахвяры катаванняў з боку сілавікоў у 2020 годзе, якія вымушана пакінулі Беларусь праз пераслед.
На міжнароднай канферэнцыі ў Нюрнбэргу ў Нямеччына выступіў адвакат, праваабаронца, спецыяліст у міжнародным крымінальным праве Томаш Віліньскі.
Ён нагадаў, што Польшча – першая краіна Еўразвязу, якая распачала крымінальную справу па факце злачынстваў у Беларусі пасля выбараў 2020 году.
Томаш Віліньскі лічыць, што ў выпадку з Беларуссю «мы маем справу з дзяржаўным тэрарызмам, палітычна матываваным тэрарызмам, які палягае ў стварэнні абстаноўкі страху для рэалізацыі пэўных ідэалагічных мэтаў».
«Лукашэнка выкарыстоўвае цэлы дзяржаўны апарат, міліцыю, КДБ, суды для падпарадкавання групы людзей. Ён як функцыянер Рэспублікі Беларусь з 10 жніўня 2020 году здзейсніў злачынства, якое заключаецца ў кіраўніцтве арганізаванай злачыннай групай, узброенай тэрарыстычнай групоўкай, у якую ўвайшлі функцыянеры МУС, КДБ, АМАП і іншыя. Мэта групоўкі – рабіць злачынствы, пазбаўляць людзей свабоды, ужываць катаванні, і не толькі да грамадзян Беларусі, але і Літвы, Польшчы, Італіі, Чэхіі, іншых краін. Групоўка і яе кіраўніцтва не толькі здзяйснялі злачынствы, але і намаўлялі да іх, ухвалялі гвалт, дапускалі забойствы і прычыненне шкоды здароўю людзей, стварылі такія варункі для групы насельніцтва, якія пагражаюць іх жыццю і здароўю, пазбаўляюць іх магчымасці працаваць, свабоды», – патлумачыў праваабаронца.
Ён просіць усіх зацікаўленых «паскорыцца», стварыць адмысловы крымінальны трыбунал і накіраваць туды справу супраць Лукашэнкі.
«Я буду старацца і абяцаю гэта ўсім беларусам, што буду рабіць усё, каб Лукашэнка, афіцэры АМАП, КДБ, МУС і іншыя асобы, якія выконвалі злачынныя загады, сталі перад справядлівым і сумленным судом. Мы мусім пакончыць з гэтым шаленствам. Лукашэнка – злачынца і тэрарыст, якога трэба судзіць на падставе міжнароднага права. Беларусы і еўрапейцы заслужылі, каб Беларусь была вольнай. Жыве Беларусь!», – заявіў юрыст Томаш Віліньскі.
яс/Свабода