Беларуская Служба

Валанцёр штабу Ціханоўскай атрымаў пакаранне ў выглядзе 3 гадоў «хіміі»

12.10.2021 15:07
Аляксандр Дабрыянік беларускай праваабарончай супольнасцю быў прызнаны палітычным зняволеным.
СудMasterTux/pixabay.com/CC0 Public Domain

У судзе Савецкага раёна Мінска 12 кастрычніка вынесены прысуд па крымінальнай справе палітвязня Аляксандра Дабрыяніка, якога вінавацілі па ч.1 арт. 342 КК РБ (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Справу разглядаў суддзя Сяргей Шаціла, пракурор – Уладзімір Рабаў.

Аляксандр Дабрыянік – ураджэнец гораду Слоніма, актывіст і валанцёр у выбарчым штабе Святланы Ціханоўскай. Быў затрыманы 24 траўня. Да суда ўтрымліваўся ў СІЗА №1 Мінска. Беларускай праваабарончай супольнасцю быў прызнаны палітычным зняволеным. У ходзе судовага следства стала вядома, што 16 жніўня 2020 года, знаходзячыся ў Мінску, з мэтай публічнага выказвання сваіх грамадскіх поглядаў, прыняў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушылі грамадскі парадак.

Падчас судовых спрэчак пракурор казаў, што Дабрыянік прызнаў віну часткова, аднак віна ягоная пацвярджаецца пісьмовымі матэрыяламі справы, у тым ліку канфіскаванай у яго сімволікай і іншымі друкаванымі матэрыяламі. Запрасіў суд пакараць абвінавачанага трыма гадамі абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Таксама просіць суд задаволіць грамадзянскі пазоў прадпрыемства «Мінсктранс» у поўным аб’ёме, г.зн. у памеры 5 988 рублёў. Бок абароны звярнуў увагу, што ў аснову доказу віны Дабрыяніка былі пакладзеныя ўскосныя доказы, ён не меў пры сабе незарэгістраванай сімволікі, на праезную частку не выходзіў і не перакрываў рух грамадскага транспарту.

У сваім апошнім слове Аляксандр Дабрыянік казаў, што на той момант лічыў, што не з’яўляўся актыўным удзельнікам масавага мерапрыемства, не згодзен, што перакрываў вуліцы, прасіў суд разабрацца справядліва.

Пасля перапынку суддзя Шаціла вынес прысуд: прызнаць Дабрыяніка вінаватым і прызначыць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі ва ўстанове адкрытага тыпу («хімія») тэрмінам на тры гады; вызваліць Аляксандра Дабрыяніка ў залі суда да прызначэння яму месца і ўмоў пакарання; пакінуць пад арыштам камп'ютар і тры мабільныя тэлефоны; прызнаць права за прадпрыемствам «Мінсктранс» звярнуцца ў парадку грамадзянскага судаводства па спагнанне матэрыяльнай шкоды ў памеры 5 988 рублёў.

Вясна/нг