У заяве паведамляецца, што Віктар Паўлаў па некалькіх артыкулах прысуджаны да вышэйшай меры пакарання. Да цяперашняга часу ён знаходзіўся ў СІЗА №1 Менска. З траўня 2021 ад Віктара Паўлава перасталі паступаць лісты. Лісты, адпраўленыя яму, не вяртаюцца.
Віцебскага праваабаронцу Паўла Левінава занепакоіла тая акалічнасць, што дзяжурны па СІЗА паведаміў яму, што Віктар Паўлаў «за дадзенай установай не лічыцца», пры гэтым у дзяржаўных СМІ не было паведамленняў пра тое, што ў дачыненні да яго падабароннага прысуд быў прыведзены ў выкананне.
Беларусь - апошняя краіна ў Еўропе, у якой ужываюць смяротную кару. За гады незалежнасці былі вынесеныя больш за 300 смяротных прысудаў.
Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск